У Расіі арыштавалі нямецкага рэжысёра, які рабіў здымкі для свайго новага фільма
У Смаленскай вобласці 24 жніўня затрымалі 66-гадовага рэжысёра і пісьменніка, грамадзяніна Германіі Андрэя Някрасава, які здымаў новы фільм пра Расію. Пра гэта піша Deutsche Welle.
05.09.2024 / 21:26
Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ФСБ у цывільным, якія сцвярджалі, што мужчына нібыта вёў здымкі каля будынка спецслужбы. Рэжысёра абвінавацілі ў «незаконнай прафесійнай дзейнасці» і арыштавалі на 90 сутак. Цяпер ён знаходзіцца ў цэнтры часовага ўтрымання замежнікаў.
Па словах Някрасава, ён не ведаў, што побач з месцам здымкі знаходзіцца будынак ФСБ, але суд не прыняў гэта да ўвагі. Мужчына асцерагаецца, што тэрмін яго ўтрымання пад арыштам могуць працягнуць.
«Суддзя вынес непрапарцыйнае рашэнне, якому здзівіліся нават некаторыя прадстаўнікі ўлады. Казалі, што найгоршае ў такіх выпадках — гэта «добраахвотнае выдварэнне», — сказаў Андрэй Някрасаў.
Някрасава маглі прыцягнуць па арт. 18.10 КаАП за незаконнае ажыццяўленне працоўнай дзейнасці ў Расіі. 90 сутак арышту прызначаюць для таго, каб прыставы маглі набыць квіткі на транспарт і правесці выдварэнне з забаронай на ўезд у Расію.
Андрэй Някрасаў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, але яшчэ ў 1970-я гады эміграваў у Германію. Ён здымаў фільмы пра атручванне былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі ў Лондане, смерць Сяргея Магніцкага ў расійскім СІЗА, вайну ў Чачні і расійска-грузінскую вайну.
Ён з'яўляецца грамадзянінам Германіі і не мае іншага грамадзянства. З ім ужо звязаўся прадстаўнік нямецкага пасольства ў Расіі.
Токіа пацвердзіў затрыманне грамадзяніна Японіі ў Беларусі
У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў
Рыка Крыгер па-ранейшаму застаецца загадкай