Офіс Ціханоўскай пракаментаваў акты вандалізму ў дачыненні да беларускай дыяспары ў Вільні

Офіс Святланы Ціханоўскай пракаментаваў акты вандалізму супраць беларускай прысутнасці ў сталіцы Літвы. Нагадаем, што цягам двух сутак зафіксаваныя тры інцыдэнты: былі выбітыя шыбы ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, былі выбітыя шыбы ў памяшканні Беларускага праваслаўнага прыходу, а таксама пакінуты правакацыйны надпіс каля офіса арганізацыі «Дапамога».

05.09.2024 / 11:52

«Мы рашуча асуджаем серыю актаў вандалізму ў Вільні, накіраваную супраць беларускіх арганізацыяў і ўстановаў. Абстрэлы вокнаў храма Беларускага праваслаўнага прыходу, разбітыя шыбы Цэнтра беларускай культуры, абразлівыя надпісы каля шэлтару для ўцекачоў «Дапамога» — гэта агрэсіўная акцыя з мэтай запалохаць свабодалюбных беларусаў і беларусак, якія знайшлі прытулак у Літве», — гаворыцца ў заяве Офіса.

«Такія дзеянні, відавочна, накіраваныя на тое, каб пасеяць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі. Мы ўпэўненыя: за гэтым стаіць рэжым Лукашэнкі, які пастаянна спрабуе стварыць атмасферу страху і нянавісці ў беларускім грамадстве і ў суседніх краінах.

Заклікаем літоўскія ўлады правесці грунтоўнае расследаванне гэтых нападаў — і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. А беларусам і беларускам у выгнанні раім быць пільнымі, дбаць пра бяспеку і падтрымліваць адно аднаго», — прапануе ОСЦ.

У Вільні абстралялі вокны беларускай царквы

Антыбеларускі надпіс пакінулі і каля офіса беларускай арганізацыі «Дапамога» ў Вільні

«Гэта расійская ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку» — дырэктарка Віленскага цэнтра беларускай культуры пра начны выпадак

Nashaniva.com