Беларус з'ездзіў у Германію з нямецкім «шэнгенам», але амбасада яму не паверыла і адмовіла ў наступнай візе

Адзін з чытачоў выдання «Анлайнер», мінчук Міхаіл, як і многія беларусы, збіраўся атрымаць шэнгенскую візу, каб паехаць у адпачынак. Мужчына падышоў да гэтага даволі адказна: яшчэ мінулай вясной запісаўся ў нямецкую амбасаду і да лістапада 2023-га атрымаў візу на тры месяцы. З'ездзіў па ёй у Германію і амаль адразу ж стаў у чаргу па новую. У канцы ліпеня падаў дакументы і праз 10 дзён атрымаў пашпарт з адмовай. Пазначаная ў выдадзеным лістку прычына ў выпадку Міхаіла гучыць абсурдна: «Вы не былі ў Германіі па папярэдняй шэнгенскай візе».

04.09.2024 / 20:05

Фота Міхаіла, зробленыя ў паездцы

«Разлічваў як мінімум на гадавую, а тут такое. Да таго ж добра яшчэ, калі б амбасаду не задаволіла колькасць сродкаў на рахунку ці нешта падобнае, але атрымаць адмову менавіта па такой прычыне — крыўдна ўдвая. Папярэднюю візу я рабіў спецыяльна дзеля паездкі на футбольны матч «Барусія» — «Баварыя».

Акрамя Дортмунда, удалося наведаць яшчэ і Кёльн. У агульным ліку прабыў у Германіі каля чатырох дзён, і гэта пацвярджаецца пасадачнымі талонамі, квіткамі на гульню, фатаграфіямі. Праўда, на месцы расплачваўся ў асноўным наяўнымі, а жыллё браніраваў мой спадарожнік на сваё імя. Можа, гэта паўплывала… Але як? У мяне ні выпіскі, ні броні ніхто нават не пытаўся!» — разважае мінчук.

«Вы не былі ў Германіі па нямецкай шэнгенскай візе, як было пазначана пры падачы заявы. Ёсць сумневы, што наступная шэнгенская віза, выпушчаная ў Германіі, будзе выкарыстаная правільна», — сказана ў тлумачэнні да адмовы

Міхаіл вырашыў проста так не пакідаць гэтую сітуацыю і падаў апеляцыю. Прыклаў да заявы ўсе наяўныя доказы свайго знаходжання ў Германіі і стаў чакаць адказу.

Роўна праз месяц беларусу патэлефанавалі з амбасады, паведамілі, што праз тыдзень чакаюць для ўклейвання ў пашпарт візы, усё ж ухваленай з другога разу.

2 верасня Міхаіл выйшаў з будынка дыпмісіі з «шэнгенам».

«Далі зноў на тры месяцы, — расчаравана расказвае мужчына. — Так, па цяперашніх часах гэта не так ужо і дрэнна, але, па-першае, у мяне згарэлі броні білетаў і жылля пад паездку, якую планаваў першапачаткова, па-другое, дзеля апеляцыі трэба было спешна прадумваць новае падарожжа.

Магчыма, доўгатэрміновая віза акупіла б усе ўкладанні і нервы, але цяпер ужо не ведаю, ці варта было яно таго наогул. Ну, хоць бы пераканаўся ў тым, што апеляцыя сапраўды працуе, так што калі хтосьці сутыкнецца з такой жа сітуацыяй, не саромейцеся спрачацца з амбасадай».

Фота Міхаіла, зробленыя ў паездцы

«Хутчэй за ўсё гэта была адпіска»

Па каментар з нагоды кейса Міхаіла «Анлайнер» звярнуўся ў візавае агенцтва Lime Travel. Усё ж такі сітуацыя здаецца нестандартнай і крыху дзіўнай. Па якой прычыне консул можа вырашыць, што вы схлусілі ў анкеце, хоць усе доказы адваротнага ёсць на руках? І наколькі часта сустракаюцца нелагічныя адмовы, калі ў чалавека ўсе дакументы ў парадку і сабраныя па памятцы?

«Усе пастановы аб адмовах у візе, фактычна, грунтуюцца на суб'ектыўных высновах аднаго канкрэтнага чалавека, гэта значыць консула. Пра тое, што прымусіла яго такое рашэнне прыняць, ведаць у падрабязнасцях, на жаль, ніхто іншы не можа. У выпадку Міхаіла, хутчэй за ўсё, мела месца стандартная адпіска — проста не пашанцавала.

Нейкай канкрэтнай статыстыкі па нелагічных адмовах няма. Але так, яны перыядычна здараюцца. Напрыклад, нядаўна на грэчаскі «шэнген» падаваўся бацька разам з трохмесячным сынам. Дзіцяці візу паставілі, тату — адмова.

Ці быў кейс з дзядулем, які кожнае лета на працягу многіх гадоў ездзіў у Францыю да блізкіх сваякоў па запрашэнні. Сёлета новы консул візу не выдаў. На жаль, часцяком гэты працэс — рулетка».

Колькі беларусаў былі ў Еўропе за апошнія пяць гадоў? Нават не траціна

Мінская блогерка расказала, як бясплатна атрымала італьянскі мультышэнген. Але гэты спосаб не для ўсіх

За што могуць ануляваць візу і адправіць у «візавы каранцін»?

«Іх дэпартуюць, візы анулююць». Каля 40 беларускіх турыстаў, што ехалі ў Іспанію, затрымалі ў Германіі

Пасольства Італіі вырашыла правяраць мэтавае выкарыстанне віз

Nashaniva.com