Украінскія вайсковыя дактары выратавалі цяжарную жыхарку Суджы — яны адвезлі яе нараджаць у Сумы
Па словах сваякоў 20-гадовай суджанкі, без дапамогі ўкраінскіх вайскоўцаў яна б загінула.
04.09.2024 / 17:56
Скрыншот відэа ТСН
Сям'я Фурсавых жыве ў Суджанскім раёне Курскай вобласці, які цяпер кантралююць украінскія вайскоўцы. 20-гадовую цяжарную Юлію, яе 10-гадовага брата Антона і бацькоў Алену і Андрэя лічылі зніклымі без вестак з 6 жніўня.
Як расказаў знаёмы сям'і, жанчыну разам з маці адвезлі нараджаць ва Украіну. У Сумах Юлія нарадзіла сына Міхаіла. Людзям дазволілі патэлефанаваць дадому і паведаміць пра сваё месцазнаходжанне. Пасля родаў сям'ю адвезлі назад у Лебедзеўку, якая знаходзіцца пад кантролем УСУ, піша «7х7».
На ўкраінскім тэлебачанні 3 верасня выйшаў рэпартаж пра сям'ю Фурсавых. Маці Юліі расказала, што жанчына памерла б пры родах, калі б ёй не дапамаглі ўкраінскія вайсковыя дактары. Юлія нараджала раней за тэрмін з-за нерваў.
Сястра Юліі Лідзія Грыдзіна ў сацсетках звярнулася да Уладзіміра Пуціна і заклікала дамовіцца з Украінай пра «зялёны калідор» для эвакуацыі жыхароў Суджанскага раёна. Усяго ў Лебедзеўцы знаходзяцца 43 чалавекі.
Зяленскі заявіў, што землі на Куршчыне Украіне не патрэбныя, але іх будуць утрымліваць
Пуцін паабяцаў разабрацца з «бандытамі, якія забраліся ў Курскую вобласць»