Чалавека, падазраванага ў забойстве актывіста Z-арганізацыі, замест суда адправілі на вайну
Меркаваны забойца актывіста расійскай Z-арганізацыі «Зов народа» Антона Ягоўцава замест таго, каб стаць перад судом, паехаў на вайну з Украінай, паведамляе тэлеграм-канал Astra.
04.09.2024 / 16:28
Дзмітрый Мацвееў і нож, якім было здзейснена забойства. Калаж: 59.ru
У чэрвені гэтага года ў падмаскоўнай Лобне быў забіты сябра руху «Зов народа» Антон Ягоўцаў. Яму нанеслі 7 удараў нажом.
Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы 37-гадовы трэнер па мотакросе Дзмітрый Мацвееў. Той, паводле звестак СМІ, яшчэ з мінулага года пераследаваў жонку Ягоўцава, пагражаў сям'і, высочваў іх, пры гэтым усе заявы ў паліцыю засталіся праігнараваныя.
Цяпер жа кіраўнік «Зова народа» Сяргей Зайцаў заявіў, што справа аб забойстве прыпыненая ў сувязі з адпраўкай абвінавачанага на вайну.
«Афіцыйна вядома, што справа прыпыненая, ужо дакладна каля месяца ніякіх судовых працэсаў не ідзе… Атрымліваецца, чалавек пайшоў на СВА, ухіляючыся ад адказнасці. Думаю, ён асэнсавана гэта зрабіў, плануючы абысці так адказнасць, у той жа час ён нясе адказнасць перад сям'ёй за страту карміцеля», — расказаў ён выданню NEWS.ru.
Таксама ён сцвярджае, што сваякі і таварышы Ягоўцава звярталіся да Мінабароны з просьбай не адпраўляць Мацвеева на вайну, аднак там адказалі, што падстаў для гэтага няма.
«Зов народа» — аб'яднанне, актывісты якога ў асноўным займаюцца даносамі на расійскіх зорак.
Экс-баец ПВК «Вагнер» жорстка забіў сваю цяжарную дзяўчыну з-за зламанай акустычнай калонкі
Былы баец ПВК «Вагнер» атрымаў 23 гады за забойства — і праз 8 дзён зноў пайшоў на вайну