«Мы знаходзімся ў энергетычнай залежнасці». Манголія растлумачыла, чаму не арыштавала Пуціна
Прадстаўнік урада Манголіі заявіў, што краіна заўсёды трымалася нейтралітэту.
03.09.2024 / 16:20
Фота: Пул №3
У мангольскім урадзе растлумачылі, чаму не сталі арыштоўваць Уладзіміра Пуціна па ордэры Міжнароднага крымінальнага суда.
Прадстаўнік урада Манголіі ў заяве для Politico патлумачыў, што краіна знаходзіцца ў пэўнай энергетычнай залежнасці.
«Манголія імпартуе 95% сваіх нафтапрадуктаў і больш за 20% электраэнергіі ад нашых бліжэйшых суседзяў. Гэтыя пастаўкі маюць вырашальнае значэнне для забеспячэння нашага існавання і існавання нашага народа», — адзначылі ва ўрадзе Манголіі.
Прадстаўнік мангольскіх уладаў таксама адзначыў, што краіна традыцыйна прытрымліваецца нейтралітэту.
«Манголія заўсёды прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту ва ўсіх сваіх дыпламатычных адносінах, пра што сведчаць нашыя афіцыйныя заявы на сённяшні дзень», — гаворыцца ў заяве.
Геаграфічна Манголія заціснутая паміж Кітаем і Расіяй, таму вымушаная балансаваць паміж суседзямі, не адштурхоўваючы іх.
Пры гэтым Манголія ратыфікавала Рымскі статут і, згодна з яго палажэннямі, была абавязаная арыштаваць Уладзіміра Пуціна і перадаць яго суду ў Гаазе. Расійскі прэзідэнт прыбыў у краіну, якая падпісала Рымскі статут, упершыню пасля выдачы ордэра на ягоны арышт.
У сталіцы Манголіі праходзяць пратэсты з-за візіту Пуціна
Пуціна ў Манголіі сустрэлі чырвонай дарожкай
Праваабаронцы заклікалі Манголію арыштаваць Пуціна