Іранскаму блогеру прысудзілі 12 гадоў турмы за твіт з кропкай

У Іране мясцовага апазіцыйнага блогера Хасейна Шанбехзадэ прыгаварылі да 12 гадоў турмы за твіт з адной кропкай, які ён напісаў у адказ на пост вярхоўнага лідара краіны Алі Хаменэі. Пра гэта паведамляе Iran International са спасылкай на адваката апазіцыянера Аміра Раісіяна, піша «Радыё Свабода».

02.09.2024 / 23:17

Хасэйн Шанбехзадэ

Шанбехзадэ напісаў свой твіт у траўні. Праз некалькі тыдняў, пасля таго, як твіт набраў значна больш лайкаў, чым пост Хаменэі, мужчыну арыштавалі.

31 жніўня адвакат Шанбехзадэ паведаміў, што ягоны падабаронны прыгавораны да пяці гадоў «за прапаганду на карысць Ізраіля», да чатырох — «за абразу ісламскіх святыняў», да двух — за «распаўсюджванне лжывай інфармацыі» і да яшчэ аднаго года за «антыдзяржаўную прапаганду».

Як расказаў Раісіян, з 12 гадоў тэрмін Шанбехзадэ павінен правесці ў турме пяць, пасля чаго зможа падаць прашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні. Адвакат спадзяецца абскардзіць прысуд.

Па словах адваката, абвінавачанне не даказала віны Шанбехзадэ па самым цяжкім артыкуле.

У якасці доказаў віны па іншых артыкулах суд прывёў яго пасты ў падтрымку палітвязняў і адмены абавязковага нашэння хіджабу, выкарыстанне хэштэга «#НеПакараннямСмерці», крытыку іранскіх выбараў і выказванне радасці з нагоды смерці былога прэзідэнта краіны Эбрахіма Раісі.

У 2019 годзе Шанбехзадэ ўжо трапляў у турму — гэта адбылося пасля пратэстаў, якія пачаліся з-за шматразовага павелічэння цэнаў на паліва ў Іране. Тады апазіцыянера абвінавацілі ў абразе святыняў і лідара Ісламскай рэспублікі, а СМІ, звязаныя з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, пісалі, што ён агент Масада.

Як адзначае Iran International, крытыкі іранскага рэжыму часта выкарыстоўваюць кропку і іншыя адзіночныя сімвалы, каб выказаць нязгоду з уладамі.

Іран можа ўжо ў найбліжэйшы час пачаць пастаўкі балістычных ракет у Расію

Новы прэзідэнт Ірана прыняў прысягу пад скандаванне «Смерць Амерыцы і Ізраілю»

Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе

Nashaniva.com