«На сто адсоткаў адпавядаў патрабаванням». Беларуска праз чат знайшла ў Польшчы мужчыну-сябра свайму сямігадоваму сыну
Памятаеце, як беларуска, якая жыве ў Польшчы, шукала па чатах мужчыну, які б мог стаць сябрам яе сямігадоваму сыну? Многія ставіліся да гэтай ідэі скептычна, але яна дала плён. На аб’яву адгукнуўся гувернёр, які зусім нядаўна апынуўся ў вымушанай эміграцыі. Як адбылося знаёмства і ці прыняў мужчыну маленькі Цімафей, усе трое ўдзельнікаў гісторыі расказалі выданню Most.
28.08.2024 / 17:32
У траўні 2024 года ў тэлеграм-чаце «Бацькі Беластока» Most заўважыў незвычайную аб’яву: эмігрантка Валерыя Шкода шукала мужчыну, які мог бы праводзіць час з яе сынам, займацца «мужчынскімі справамі» і падаваць добры прыклад. Час мужчыны беларуска была гатовая аплачваць. У жанчыны двое дзяцей, але сябра-мужчыну яна шукала менавіта хлопчыку.
Валерыя: «Даволі лёгка і хутка знайшлі кантакт, дзецям ён спадабаўся»
Валерыя прызнаецца: калі публікавала аб’яву, хвалявалася, што атрымае хвалю хэйту і не знойдзе патрэбнага чалавека. Але пост заўважыў беларус В.Н. (сваю асобу ён не раскрывае, паколькі ў Беларусі засталіся родныя). Жанчына кажа, што ён быў адзіным, хто адгукнуўся, і так супала, што ён «на сто адсоткаў адпавядаў патрабаванням»: узрост 25-40 гадоў, валоданне беларускай або ўкраінскай мовай, адсутнасць шкодных звычак.
«Я, шчыра кажучы, была здзіўленая, бо да таго думала, што такіх людзей не існуе, — кажа Валерыя. — Спачатку мы з ім сустрэліся, пазнаёміліся, пагаварылі пра жыццё-быццё, а па дарозе дадому забралі дзяцей, і ён нас праводзіў дадому. Дзеці ўзялі яго пад рукі з двух бакоў. Я засталася за імі і з усмешкай спыталася: «Калі мама ўжо вольная і не патрэбная, то магу ісці гуляць?»
Па словах беларускі, ейныя дзеці былі вельмі зацікаўленыя новым чалавекам: размаўлялі з ім, а дачка ў нейкі момант пачала цягнуцца да яго і прасіцца на рукі.
«За тры месяцы мы ўжо паспелі адсвяткаваць дзень нараджэння В.Н. Правялі яго ў Супраслі, дзе сплаўляліся на байдарках. Ціма плыў з В.Н., я — з Міркай (дачка Валерыі. — Заўв. Most). Увогуле лета разам з В.Н. атрымалася насычаным вандроўкамі і падзеямі».
Валерыя не хавае задаволенасці ад назірання за тым, як В.Н. «падае Цімафею прыклад сапраўднага мужчыны, клапоціцца пра нас, гатуе дзецям ежу, дорыць мне кветкі, праводзіць час з намі».
«За амаль чатыры гады эміграцыі я прайшла праз цяжкія пераезды, стрэс, пошук сябе, сяброў, працы, кватэры… Таму разумею, як цяжка перажываць гэта ўсё аднаму і вельмі рада, што магу дапамагчы яшчэ камусьці хутчэй адаптавацца ў Польшчы, — адзначае беларуска. — Зараз я спакойна магу пакінуць дваіх дзяцей на В.Н. і паехаць па сваіх справах, альбо проста пабыць сам на сам і адпачыць. Я ўпэўненая, што ім цікава разам, бо ў мужчыны ёсць досвед, рэсурс і жаданне праводзіць час з дзецьмі».
Злева — букет для Валерыі, справа — дачка Валерыі на байдарцы. Фота з сямейнага архіва
В.Н.: «Дзякуючы Валерыі і ейным дзецям мая адаптацыя ў чужой краіне праходзіць лёгка»
В.Н. прыехаў з Беларусі ў Беласток вымушана. Пра публікацыю Валерыі ён даведаўся ад жонкі свайго даўняга прыяцеля.
«Я сумняваўся, ці варта адгукацца на прапанову, бо трохі не падыходзіў па ўзросце, — згадвае мужчына. — Але вырашыў усё ж рызыкнуць, бо [падыходзіў на ўсіх астатніх крытэрыях]: маю траіх дарослых дзяцей, размаўляю на беларускай мове і не маю шкодных звычак. Дзеці прынялі мяне [ў першую ж нашу сустрэчу]: яны былі шчыра радыя і пастаянна пыталіся, калі я прыйду яшчэ».
В.Н. кажа, што падчас наступнай сустрэчы яны разам з Валерыяй і дзецьмі хадзілі ў лес у маліны і купаліся ў рэчцы.
«Па дарозе назад я прапанаваў Цімафею сабраць для мамы кветкі. Ціма і Міра падхапілі гэтую ідэю і з ахвотай назбіралі для мамы цэлы букет», — адзначае мужчына.
На думку беларуса, сямігадоваму Цімафею бракуе мужчынскай кампаніі і ўвагі. Мужчына заўважыў, што калі яны застаюцца сам на сам, хлопчык робіцца больш спакойным і разважлівым і з ім атрымліваецца даволі лёгка дамовіцца.
«Прайшло ўжо тры месяцы са дня нашага знаёмства. Дзякуючы Валерыі і ейным дзецям мая адаптацыя ў чужой краіне праходзіць лёгка, — кажа В.Н. — А зараз я без праблем застаюся нават з двума дзецьмі».
Злева — В.Н. з дзецьмі збіраюць маліны, справа — Цімафей. Фота з сямейнага архіва
Цімафей: «Ніколі не забуду дзень, калі мы купілі 12 пачак марожанага і адразу ж іх з’елі»
Цімафей таксама з цеплынёй расказвае пра сумесны час.
«Калі мы пазнаёміліся з В. Н., я адразу сказаў, што люблю Lego і Minecraft, — кажа Цімафей. — Мы ўжо шмат чаго рабілі разам: каталіся на роварах, плавалі ў рэчцы, хадзілі ў McDonald’s і на розныя дзіцячыя пляцоўкі і нават ездзілі ў Элк на цягніку. Але я ніколі не забуду дзень, калі мы купілі 12 пачак марожанага і адразу ж іх з’елі! Мне падабаецца [праводзіць час] з В.Н., але без Міры: лепш, калі яна начуе ў бабулі ці няні».
Дачка і муж памерлай беларускай дызайнеркі прадоўжылі яе справу ў Варшаве