Дэпутат прапанаваў стварыць ТэлеграмBY і ІнстаграмBY — каб перапіскі беларусаў не змаглі чытаць спецслужбы ЗША
На такую думку Алега Цылько падштурхнула затрыманне Паўла Дурава ў Францыі. Ён упэўнены, што за гэтым стаяць амэрыканскія спецслужбы.
28.08.2024 / 14:27
Фота: тэлеграм-канал Алега Цылько
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Цылько прапанаваў стварыць беларускія сацсеткі, каб па прыкладзе Кітая поўнасцю кантраляваць інфармацыйныя патокі.
На такія развагі ў тэлеграм-канале Цылько падштурхнула затрыманне ў Парыжы Паўла Дурава. Дэпутат упэўнены, што за гэтым стаяць амерыканскія спецслужбы, якія жадаюць узяць пад кантроль Telegram.
Цылько задаецца пытаннем: што рабіць, калі месенджар пяройдзе пад кантроль спецслужбаў?
«Якія меры павінны будзем прыняць усе мы — уладальнікі ТГ-каналаў? Працягваць выкарыстоўваць іх і ўвесь час падвяргацца «варожай» цэнзуры ці зусім адмовіцца ад іх паслуг? Тады чым замяніць аператыўнае давядзенне інфармацыі?» — пытаецца Цылько.
І адразу прапануе рэцэпт — стварыць свае сацсеткі. Назвы ён ім ужо прыдумаў.
«Верагодна, надышоў той час, калі нам неабходна задумацца над стварэннем уласных, незалежных інтэрнэт-платформ. Да прыкладу, ТГBY ці InstaBY, якія б кожны беларус мог выкарыстоўваць без асцярогі, што яго ўзламаюць ці заразяць інтэрнэт-вірусам», — лічыць дэпутат.
Станоўчым прыкладам ён лічыць Кітай, які мае свой інтэрнэт і свае аналагі сацсетак.
«Краіна цалкам кантралюе кантэнт, сочыць за бяспекай, канфідэнцыяльнасцю, блакуе інфармацыю экстрэмісцкай накіраванасці. Але, самае галоўнае, не залежыць ад знешніх, так бы мовіць, класавых ворагаў», — мяркуе Цылько.
Дэпутат разумее, што Беларусі складана канкураваць з тэхналагічнымі гігантамі, якія валодаюць рознымі інтэрнэт-платформамі і мільярдным багаццем.
«Але стварыць аналагічны месенджар, які будуць выкарыстоўваць дзяржаўныя структуры і будуць пачувацца ў бяспецы, думаю, можна і трэба. Тым больш, што рэсурс, у выглядзе Парка высокіх тэхналогій у нас ёсць», — рэзюмаваў Цылько.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў раней таксама прапаноўваў стварыць беларускія сацсеткі і ютуб. Гендырэктар БелТА анансавала з'яўленне беларускай медыяплатформы «відэа.бел».
Алег Цылько родам з Кастрычніцкага. Ён скончыў Кіеўскае ваенна-марское вучылішча па спецыяльнасці педагог-псіхолаг і Акадэмію кіравання. Працаваў у сістэме БРСМ і Гомельскім аблвыканкаме, быў ідэолагам у «Гомельаблаўтатрансе».