Стала вядома, па якім артыкуле судзяць гісторыка Ігара Мельнікава і што яму пагражае
Ігара Мельнікава затрымалі ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі. Максімальна магчымае пакаранне — шэсць гадоў калоніі, але тэарэтычна можа абысціся і хіміяй.
28.08.2024 / 12:14
Ігар Мельнікаў. Фота з яго фэйсбуку
Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.
Як раней пісала «Наша Ніва», Ігар спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.
У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.
Мельнікаў крытыкаваў калег, а яны закідалі яму кан’юнктурнасць. Калі ў Беларусі наладжваліся адносіны з Польшчай, ён пісаў пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага. А пасля 2020-га пераключыўся на іншае.
Перад затрыманнем ён казаў, што рыхтуе кнігу пад назвай «Прыступіць да ліквідацыі». Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў… [і ўтрымліваць] унікальныя факты пра здраднікаў з батальёна «Дальвіц», паліцыяў і іншых памагатых нацыстаў, якія не давалі вярнуць мірнае жыццё ў БССР».
Крыніца: інстаграм-акаўнт Ігара Мельнікава
Кніга так і не выйшла, хоць планавалася да 4 сакавіка 2024 года, да дня беларускай міліцыі. Апошняя актыўнасць Ігара Мельнікава ў інстаграме датуецца 21 студзеня 2024 года, акурат напярэдадні рэйду на салідарных з палітвязнямі, які адбыўся з 23 па 24 студзеня — праўда, невядома, ці патрапіў ён у рэйд або так супала. Сутнасць абвінавачання невядомая.
Суд над Ігарам пачнецца 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складае шэсць гадоў калоніі, мінімальнае — хімія, але выпадкі хіміі па гэтым артыкуле пакуль невядомыя. Судзіць Мельнікава будзе суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава
Шматдзетную маці, чый сын — палітвязень, судзяць па крымінальнай справе. Ёй пагражае да 7 гадоў