Колькасць незадаволеных жыццём расіян скарацілася да гістарычнага мінімуму — «Левада-цэнтр»

Толькі 12% удзельнікаў ліпеньскага апытання «Левада-цэнтра» сказалі, што жыццё, якое яны цяпер вядуць, іх не задавальняе. Паводле сацыялагічнай службы, гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю назіранняў, піша «Агентство».

27.08.2024 / 18:29

Шчаслівыя расіяне, мабілізаваныя на вайну восенню 2022 года

Жыццё, якое вядуць апытаныя сацыёлагамі расіяне, задавальняе 54% рэспандэнтаў, паведаміў «Левада-цэнтр». Пасля невялікага зніжэння гэты паказчык наблізіўся да піку, зафіксаванага ў красавіку 2023 года — 55%.

Больш за іншых жыццё задавальняе моладзь да 24 гадоў (75%), рэспандэнтаў, якія лічаць, што справы ў краіне ідуць у правільным кірунку (63%), і тых, хто падтрымлівае Уладзіміра Пуціна на пасадзе прэзідэнта (59%).

Менш за ўсё жыццё задавальняе расіян ад 55 гадоў (48%), тых, каму ледзь хапае на ежу (34%), тых, хто лічыць, што справы ў краіне ідуць няправільным шляхам (27%), і рэспандэнтаў, якія не падтрымліваюць Пуціна (21%).

Паводле сцвярджэння дырэктара «Левада-цэнтра» Дзяніса Волкава, скарачэнню колькасці незадаволеных сваім жыццём расіян паспрыяў досвед жыцця пад санкцыямі і адсутнасць неабходнасці актыўна ўдзельнічаць у вайне.

Большасць апытаных расіян змаглі прымірыцца з вайной ва Украіне і санкцыямі дзякуючы таму, што яны непасрэдна не ўцягнутыя ў вайну і могуць працягваць жыць звычайным жыццём, а таксама змаглі назапасіць дастатковыя рэсурсы ўнутры сям'і і маюць досвед пераадолення крызісных сітуацый.

Змяніць стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне, могуць толькі масавыя ўзрушэнні, апошнім з якіх была мабілізацыя восенню 2022 года, сказаў Волкаў у каментары «Агентству».

Падтрымліваць пазітыўны настрой людзям дапамагае ўпэўненасць у тым, яны змогуць прыстасавацца да магчымых цяжкасцяў у эканоміцы дзякуючы назапашанаму вопыту і рэсурсам, падтрымцы сям'і, а часам і дзяржавы.

Рост рэпрэсій і ўварванне УСУ ў Курскую вобласць наўрад ці змогуць аказаць сур'ёзны ўплыў на ацэнку жыцця ў Расеі, лічыць Волкаў. Паводле яго слоў, рэпрэсіі для большасці людзей «хутчэй, некаторы фон, які яны ўлічваюць, але непасрэдна гэта іх жыццё не закранае».

Нягледзячы на баявыя дзеянні ў Курскай вобласці, большасць расіян працягвае весці звычайнае жыццё, таму ўздзеянне на ацэнкі можа быць абмежаваным, сцвярджае Волкаў.

Сітуацыя, па словах сацыёлага, не зменіцца, калі не будзе новай мабілізацыі.

«Улады ад звычайных людзей актыўнага ўдзелу [у вайне] не патрабуюць, самы вялікі шок і стрэс выклікала частковая мабілізацыя ў 2022 годзе, таму што патрабавала ўдзелу і спачатку нявызначанага кола асоб. Цяпер быццам бы ўлады спрабуюць гэтага пазбегнуць», — сказаў Волкаў.

Варта, аднак, адзначыць, што да вынікаў сацыялагічных апытанняў ва ўмовах, калі ў краіне ўсталяваўся рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым, заўсёды трэба ставіцца крытычна. Зусім незалежная сацыялогія пры такой сітуацыі наўрад ці магчымая, а вельмі аптымістычныя лічбы, якія яна фіксуе, з вялікай верагоднасцю могуць быць вынікам уладнай замовы. Да таго ж вынікі могуць карэктавацца ў адпаведны бок фактарам страху.

«Расія лжэ наконт эканамічнага росту. Санкцыі працуюць, іх трэба ўзмацніць» — міністры фінансаў ЕС

Распавядаем, як накручваюць галасы ў анлайн-апытанках і колькі гэта каштуе

Беларусам тэлефануюць з расійскіх нумароў з сацыялагічнымі апытаннямі. Чым цікавяцца?

Пералом у настроях расіян: хочуць перамоў з Украінай, а не працягу вайны

Nashaniva.com