«Беларусь наўрад ці разглядае наступальныя дзеянні супраць Украіны на даным этапе»

Аўтарытэтны аналітык Конрад Музыка адрэагаваў на заяву ўкраінскага МЗС аб канцэнтрацыі беларускіх войскаў ля мяжы.

26.08.2024 / 09:46

Фота: ВаенТБ / AP

Аўтарытэтны абаронны аналітык, дырэктар польскай кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца даследаваннем і аналізам канфліктаў і бяспекі на постсавецкай прасторы, Конрад Музыка ў X (былы Twitter) адрэагаваў на заяву ўкраінскага МЗС аб канцэнтрацыі Беларуссю войск каля мяжы з Украінай.

Музыка напісаў, што лічыць гэтае нарошчванне «выключна вучэннямі», якія з'яўляюцца падрыхтоўкай да маштабных двухбаковых вучэнняў, аналагічным леташнім. Аднак, як адзначае аналітык, раён іх правядзення прыкметна змясціўся.

Here’s a brief overview of the situation. A few weeks ago, Belarusian forces began conducting various exercises that we believe are preparations for a large-scale bilateral drill involving one operational command against another. Although this concept isn’t new (the Russians… https://t.co/Yyd21TWpO5 pic.twitter.com/3qSTxaZqwh

— Konrad Muzyka - Rochan Consulting (@konrad_muzyka) August 25, 2024

Аналітык адзначае, што «разгортванне сілаў у Гомельскай вобласці, якая служыла плацдармам для расійскіх войск падчас наступу на Кіеў у 2022 годзе, выклікае асаблівы непакой». Разам з тым, па яго ацэнках, Беларусь наўрад ці разглядае наступальныя дзеянні супраць Украіны на даным этапе.

«Наша доўгатэрміновая ацэнка заключаецца ў тым, што Узброеныя сілы Беларусі найперш функцыянуюць як мабілізацыйныя. Гэта азначае, што для правядзення наступальных аперацый ім спатрэбіцца значнае павелічэнне колькасці асабовага складу праз мабілізацыю», —

піша аналітык і адзначае, што нават у гэтым выпадку беларускія войскі «аснашчаныя галоўным чынам постсавецкім узбраеннем, якое прайшло мінімальную мадэрнізацыю, што робіць іх слаба падрыхтаванымі да сучасных патрабаванняў на полі бою».

Акрамя таго, працягвае Музыка, Украіна моцна ўмацавала і замінавала многія раёны ўздоўж сваёй мяжы з Беларуссю. Гэта азначае, што для паспяховай атакі з боку Беларусі спатрэбіцца вялізная колькасць сілаў і рэсурсаў. Такія меры робяць любую спробу наступлення надзвычай складанай і патрабуюць значных намаганняў. Цяпер у Мінска няма магчымасці сабраць такія сілы.

Аналітык адзначае, што разумее занепакоенасць Украіны магчымым «абмежаваным уварваннем у спалучэнні з акупацыяй невялікай тэрыторыі», якое можа прымусіць перакінуць войскі з іншых рэгіёнаў для абароны гэтых участкаў.

«Хоць імавернасць такога сцэнарыя застаецца нізкай, яго нельга цалкам выключыць. Вызначыць, ці сапраўды Лукашэнка зробіць гэты крок, немагчыма на аснове адкрытых крыніц. Аднак тое, што мы ведаем, дык гэта тое, што цяперашнія сілы занадта малыя, каб адпавядаць дактрынальным патрабаванням для наступальных аперацый», — падкрэслівае Музыка.

Беларусь канцэнтруе войскі каля паўднёвай мяжы — МЗС Украіны

Лукашэнка апраўдваўся на расійскім ТБ за адвод войскаў ад украінскай мяжы

Nashaniva.com