У Асмалоўцы сапсавалі фасады гістарычнага дома. Усё па законе

Кварталы ўтульнай пасляваеннай забудовы ў цэнтры Мінска былі ўзятыя пад ахову законам. Праўда, сам закон, як выявілася, аказаўся крывым. 

25.08.2024 / 17:35

Уласнік прабіў вялікія вокны, якія сапсавалі выгляд гістарычнага дома па вуліцы М. Багдановіча, 22. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У пасляваенным двухпавярховым доме на рагу вуліц М. Багдановіча і Кісялёва (№ 22 / 51) новы ўласнік памяшкання на першым паверсе прабіў чатыры вялікія праёмы да ўзроўню падлогі, якія сказілі выгляд гістарычнага будынка. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».

Дом па вуліцы М. Багдановіча, 22. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У 2018 годзе Міністэрствам культуры быў зацверджаны праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, раскіданых па кварталах за Оперным тэатрам. Тады пад ціскам грамадскасці ў зоны аховы трапіла і забудова Асмалоўкі, якую праз адсутнасць афіцыйнага статусу помніка архітэктуры спрабавалі перыядычна забудаваць новым жытлом.

У дакуменце было прапісана, што забараняецца змена вышыні, архітэктурнага рашэння і дэкору фасадаў усіх пасляваенных будынкаў Асмалоўкі, якія ствараюць непаўторны антураж раёна.

Усе дамы ў Асмалоўцы, хоць не з'яўляюцца афіцыйнымі помнікамі, былі прызнаныя каштоўнымі. Фота: праект зон аховы

Але цяпер выявілася, што ў дакуменце, зацверджаным Міністэрствам культуры, маецца грубая памылка: у рэгламентах для квартала ў межах вуліц М. Багдановіча, Кісялёва, Чычэрына і Камуністычнай адбылася блытаніна — пазначаны дамы, якія знаходзяцца ў суседнім квартале. 

Складальнікі праекта зон аховы двойчы прапісалі адны і тыя ж адрасы для розных кварталаў, незнарок пазбавіўшы ўсе дамы ў адным з іх якой-небудзь аховы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Гэтая памылка азначае, што ніводны з дамоў у гэтым квартале нічым не абаронены, а значыць з імі можна рабіць, што заўгодна: надбудоўваць, прабіваць любыя праёмы, збіваць дэкор ці проста абшыць керамагранітнай пліткай — ніякай адказнасці за гэта не будзе. 

Закінуты аўтавакзал у Мінску пераробяць для дзяцей і моладзі

У Магілёве перадумалі зносіць першую гарадскую электрастанцыю?

Муляж у натуральную велічыню. У Клімавічах цалкам з новых матэрыялаў адбудоўваюць гістарычны помнік

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця

Nashaniva.com