Зяленскі падпісаў закон аб забароне УПЦ Маскоўскага патрыярхату

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб забароне Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП). Зараз рэлігійныя арганізацыі, звязаныя з Расіяй, павінны цягам дзевяці месяцаў разарваць сувязі з РПЦ.

24.08.2024 / 11:14

Кіраўнік УПЦ МП Ануфрый. Фота: УПЦ

Вярхоўная Рада забараніла дзейнасць УПЦ МП некалькі дзён таму. «За» тады прагаласавалі 265 дэпутатаў. 

Ініцыятарам гэтага закона яшчэ ў снежні 2022 года стаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які абвясціў тады курс на «духоўную незалежнасць ад Масквы».

УПЦ МП, да якой цяпер належаць толькі 5 працэнтаў вернікаў (пасля стварэння аўтакефальнай Праваслаўнай царквы), але якая мае 9 тысяч прыходаў, не з'яўляецца маналітнай структурай, а складаецца юрыдычна з прыходаў і епархій.

Таму Дзяржаўная служба па пытаннях этнапалітыкі і свабоды сумлення (ДЭС) павінна вызначыць, якія структуры ва Украіне маюць падпарадкаванасць і сувязі з царквой з цэнтрам у Расіі. Пасля гэтага ДЭС павінна даць ім прадпісанні пазбавіцца ад гэтай залежнасці, а калі тыя адмовяцца, то звяртацца ў суд аб забароне іх дзейнасці.

ДЭС пачне спачатку звяртацца аб адмене рэгістрацыі Кіеўскай мітраполіі і епархій, а ўжо потым асобных прыходаў.

Вярхоўная Рада афіцыйна забараніла РПЦ. Што будзе далей з УПЦ?

Nashaniva.com