Правакатары пашкодзілі беларускую краму ў Вільні — але пасля гэтага яе справы рванулі ўгару

Месяц таму здзейснілі напад на віленскую краму Kropka экс-палітвязня Змітра Фурманава і яго жонкі Вольгі. Злачынцы разбілі шыбы і напісалі на сцяне «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Што цяпер чуваць у Фурманавых?

23.08.2024 / 20:31

Зміцер Фурманаў на ўваходзе ў краму. Фота: «Наша Ніва»

На фасадзе крамы на вуліцы Савіча (Savičiaus), 6 па-ранейшаму відаць той самы надпіс, але цяпер яго трохі прыкрываюць фіранкі. Зміцер кажа, што разбітыя шыбы яны з жонкай замянілі, бо гэта важна для бяспекі, але надпіс пакуль вырашылі не замалёўваць. Успрымаюць яго як знак якасці і ўвагі — маўляў, усё робяць як трэба.

Крома «Кропка» з надпісамі вандала. Фота: Наша Ніва

Зміцер прызнаецца, што гісторыя з нападам папсавала нерваў:

«Мы прыйшлі на працу зранку [28 ліпеня] і ўбачылі гэтыя разбітыя шыбы, падумалі, што нехта п’яны пахуліганіў, бо тут на вуліцы шмат бараў і рэстаранаў. Потым убачылі правакацыйны надпіс і зразумелі, што адбылося. Думаю, гэта, хутчэй за ўсё, зрабілі лукашысты. Па інфармацыі паліцыі, гэты чалавек перапісваў тэкст для надпісу з тэлефона, потым яшчэ фатаграфаваў надпіс, так што можна зрабіць выснову, што гэта адбылося па замове.

Нам прызначылі следчую, і яна абвесціла ў медыя, што ёсць здымкі гэтага злачынцы. Ён быў у масцы, пальчатках і капюшоне, але можна паспрабаваць адшукаць гэтага чалавека па вопратцы, таму следчая шукае сведкаў. Гэта цэнтр Вільні, на гэтай вуліцы шмат камер відэаназірання, таму гэта павышае шансы яго знайсці — можна прасачыць, куды ён збег».

Давялося выдаткаваць грошы на замену шыбаў, кажа Фурманаў, трохі памяліся ралеты, магчыма, спатрэбіцца выдаткаваць грошы на замалёўванне надпісаў. Але гэта не праблема, бо гаспадары крамы абвяшчалі зборы на дапамогу, і людзі на іх масава адгукнуліся.

Зміцер расказвае, што пасля нападу справы ў крамы ідуць добра:

«Злачынцы, відаць, хацелі, каб крама пасля гэтай правакацыі не працавала, хацелі распаліць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі, але нічога не атрымалася. Да нас амаль адразу завіталі дэпутаты літоўскага парламента, адзін з іх, Томас Тамілінас, нават ведае беларускую мову. Мы атрымалі шмат слоў падтрымкі ад дзяржаўных дзеячаў, былі розныя інтэрв’ю для літоўскіх, польскіх і латвійскіх медыя, то-бок інфармацыя пра напад моцна разышлася.

Пасля гэтага да нас прыходзіла шмат кліентаў, людзі заходзілі, каб падтрымаць нас данатамі. Так што гэтая правакацыя толькі прынесла нам вялікую рэкламу: у нас цяпер не тое што стабільнасць, а і рост прыбытку».

Пры краме працуе творчая прастора, дзе ладзяць мерапрыемствы, і яна таксама не стаіць без справы — на бліжэйшы час запланавана яшчэ дзве выставы і некалькі сустрэч. Цяпер у Kropka прапануюць свае тавары амаль 60 розных майстроў і майстрыц родам з Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі. Амаль штодзень, кажа гаспадар крамы, да іх прыносяць на продаж свае працы. Пакуль нікому не адмаўляюць, бо месца ў краме яшчэ ёсць.

Паралельна даводзіцца вырашаць непрацоўныя пытанні, бо 6 жніўня ў Фурманавых нарадзіўся сын. Хлопчыка назвалі Ясем.

Зміцер ацэньвае напад на краму як спробу распаліць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі — спробу, якая ў выпадку з іх крамай правалілася: «Мы дагэтуль ні разу не чулі тут заяваў у духу «што вы забылі ў Літве, едзьце адсюль». Мясцовыя радуюцца, што мы з’явіліся на гэтай вуліцы. Насупраць нас у рэстаране працуюць віленскія палякі, яны кажуць — маўляў, добра, што ля нас цяпер ёсць такая крама. Побач з намі знаходзіцца літоўская крама сувеніраў і падарункаў, і яны таксама задаволеныя, што мы працуем на гэтай вуліцы, бо тут адны рэстараны і бары, гэта не зусім адпавядае турыстычнаму гораду. У наш бок была толькі падтрымка і добрыя словы».

На беларускай краме Kropka ў Вільні па-літоўску напісалі «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні»

Былы палітвязень з жонкай адкрылі краму сувеніраў — як ідзе справа?

У экс-палітвязня Фурманава нарадзіўся сын

Nashaniva.com