Былы вядучы «Зоны Х» палітвязень Дзмітрый Лукша выйшаў на свабоду па памілаванні
Ён, як і яго жонка Паліна Палавінка, былі ў групе вызваленых 3 ліпеня.
23.08.2024 / 14:23
Дзмітрый Лукша ў судзе. Фота Sb.by
У спісе 18 палітвязняў, вызваленых 3 ліпеня па ўказе Аляксандра Лукашэнкі, быў і 35-гадовы экс-работнік Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Лукша. Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі яго сябры.
Лукша доўгі час быў вядучым крымінальных навінаў «Зона Х». Пасля звальнення ў 2016 годзе супрацоўнічаў з тэлеканалам RTVI, а пасля быў карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» у Беларусі.
Чытайце таксама: «Усё было падрыхтавана, але не паспеў выехаць з Беларусі». Расказваем пра экс-вядучага БТ Лукшу і яго затрыманне КДБ
Лукша падчас працы на БТ
Яго арыштавалі 11 сакавіка 2022 года і прысудзілі 4 гады зняволення за ўдзел у пратэстах, а таксама за здымку сюжэтаў для казахстанскага канала — змест ролікаў палічылі дыскрэдытацыяй Беларусі.
Лукша адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, да канца тэрміну Дзмітрыю заставалася 1 год і 2 месяцы.
Дзмітрый Лукша і Паліна Палавінка ажаніліся за паўмесяца да яго арышту
Раней праваабаронцы паведамлялі, што 3 ліпеня 2024 года выйшла на свабоду яго жонка Паліна Палавінка. Яе арыштавалі на некалькі месяцаў пазней за мужа і прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў зняволення. Паліна вызвалілася па памілаванні на два тыдні раней за свой тэрмін.
Нагадаем, 3 ліпеня па памілаванні выйшлі на свабоду мінімум 18 палітвязняў. Сярод іх Рыгор Кастусёў, Дар'я Лосік, Паліна Палавінка.
16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні яшчэ 30 палітзняволеных. Праваабаронцам вядомыя імёны большасці з іх — Ксенія Луцкіна, Васіль Бераснеў і іншыя.
На волю па памілаванні выйшаў Павел Кучынскі — палітвязень з чацвёртай стадыяй анкалогіі
Па памілаванні выйшаў адзін з найстарэйшых палітвязняў — 74-гадовы прафсаюзны лідар Васіль Бераснёў
З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў