Абвешчаны грашовы збор для акцёра Дзмітрыя Есяневіча, які быў вымушаны выехаць з краіны з жонкай і трыма дзецьмі
Патрабуецца сабраць 5000 еўра.
23.08.2024 / 09:47
Абвешчаны грашовы збор для акцёра Дзмітрыя Есяневіча, які быў вымушаны выехаць з краіны з жонкай і трыма дзецьмі.
«Калі пазнавалі ў Мінску ў крамах, казалі: як, вы тут?!» Купалавец Дзмітрый Есяневіч расказаў пра сваё затрыманне
Сваю гісторыю Дзмітрый коратка таксама апісаў на сайце «Байсола».
«Мяне завуць Дзмітрый Есяневіч. З 2003 па 2020 год я працаваў акцёрам у Купалаўскім тэатры. У 2020 годзе звольніўся ў знак пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту над беларускім народам. З 2018 па 2021 год я таксама быў вядоўцам праграмы «Хай Так» на канале «Белсат», які пасля быў прызнаны экстрэмісцкім. Яшчэ я адзін з суаўтараў і ўдзельнікаў YouTube-канала «Чынчынчэнел». У мяне шматдзетная сям'я: дачка 14 гадоў, дачка 3,5 года і сын 3,5 года.
Пасля майго звальнення ў 2020 годзе, нягледзячы на законы, якія абараняюць шматдзетныя сем'і ў Беларусі, нас з жонкай, двух толькі што народжаных немаўлятаў і старэйшую дачку выселілі са службовай кватэры. Мяне ўнеслі ў «чорны спіс» забароненых акцёраў, што фактычна пазбавіла мяне магчымасці працаваць у Беларусі. Афіцыйную працу я знайсці так і не змог.
30 мая 2024 года мяне знялі з аўтобуса пры перасячэнні мяжы на шляху ў Вільню. Мяне арыштавалі па крымінальнай справе «Белсат» і дапытвалі з нагоды майго ўдзелу ў YouTube канале «Чынчынчэнел», персанажы якога таксама выкарыстоўваліся на «Белсат». Пагражалі крымінальнымі артыкуламі.Быў суд па адміністрацыйнай справе, далі 14 сутак на Акрэсціна.
Пасля адбыцця тэрміну мяне адвезлі ў ГУБАЗіК на допыт, дзе пагражалі, што супраць мяне завядуць крымінальную справу, а за маёй жонкай будуць сачыць, і яна, калі будзе з кім-небудзь кантактаваць, прасіць дапамогу, таксама паедзе ў ізалятар на Акрэсціна.
Усвядоміўшы ўсе рызыкі, я прыняў рашэнне з'ехаць з Беларусі. 11 жніўня 2024 года, дзякуючы дапамозе «Байсол», мы ўсёй сям'ёй пакінулі краіну, скарыстаўшыся рознымі маршрутамі. Цяпер мы знаходзімся ў Польшчы, дзе спрабуем пачаць новае жыццё. Мы ў працэсе рэлакацыі, пошуку жылля і легалізацыі.
Мы звяртаемся да вас па дапамогу. Нам неабходна зняць жыллё на некалькі месяцаў і забяспечыць нашу сям'ю самым неабходным, пакуль мы прыходзім у сябе і пачынаем усё з нуля ў новай краіне.
Мы будзем удзячныя за любую падтрымку!» — піша Дзмітрый Есяневіч.
Сума збору €5000
- €2500 — жыллё на 3 месяцы для нашай вялікай сям'і + заклад
- €800 — для аплаты прыватнага дзіцячага садка, пакуль чакаем сваю чаргу ў муніцыпальным.
- €1700 — «падтрымліваючыя грошы» на бліжэйшыя 2-4 месяцы, пакуль мы будзем шукаць крыніцу даходу.
Дапамагчы праз Байсол (не данацьце з Беларусі або беларускіх картак)
Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, змог выехаць з Беларусі