У цэнтры Гродна прадаюць кватэру з шыкоўным відам з балкона. Колькі просяць за аднапакаёўку

Такая кватэра ў Гродне — рэдкая прапанова.

20.08.2024 / 18:54

Фота: realt.by

Кватэра знаходзіцца па адрасе вул. Маставая, 33. Аднапакаёўка месціцца на другім паверсе 5-павярховага дома 1962 года пабудовы. Агульная плошча — 31 м².

Кватэру ацанілі ў 47 тысяч даляраў, ці па $1500 за «квадрат», што прыблізна ў паўтара разу даражэй, чым сярэдняя цана «метра» ў аднапакаёўках па Гродне.

Фота: realt.by

Рамонт у кватэры даволі сціплы. У пакоі шмат ляпніны з гіпсакардону, столь двухузроўневая з галагеннымі лямпачкамі, дзвярны праём выкананы ў выглядзі паўаркі. Такія элементы дызайну былі папулярныя ў пачатку нулявых.

Відавочна, што высокі кошт абумоўлены не наяўнасцю сучаснага рамонту, а геаграфічным распалажэннем. З балкона кватэры адкрываецца шыкоўны від на Гродзенскі абласны драматычны тэатр, касцёл Здабыцця Святога Крыжа і кляштар бернардзінцаў. Гэты касцёл — найстарэйшы дзейны каталіцкі храм у Гродне.

Фота: realt.by

Для пастаяннага пражывання гэтая кватэра, магчыма, не самы лепшы варыянт у горадзе, бо вокны выходзяць на ажыўленую дарогу. А вось для пасуткавай здачы турыстам такі варыянт выдатна пасуе. Асабліва з улікам таго, што Гродна ў апошнія гады перажывае сапраўдны турыстычны бум і кватэры ў цэнтры ў пікавыя дні здаюць па 100 даляраў за суткі.

Больш чым $2000 за «квадрат». Дзе знаходзяцца і колькі каштуюць элітныя кватэры ў Гродне

Nashaniva.com