Як змяняюцца цэны на кватэры ў абласных цэнтрах

Мінск нядаўна паставіў рэкорд па кошце квадратнага метра за апошнія 9 гадоў. Паглядзелі, ці растуць цэны на кватэры ў абласных цэнтрах.

21.08.2024 / 07:00

Гродна. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Плюс 10% ад пачатку года

Традыцыйна самы дарагі сярод абласных цэнтраў Брэст. 

Згодна са статыстыкай, прыведзенай кааператывам «Жыллёвы баланс», па стане на 1 жніўня сярэдні кошт квадратнага метра ў Брэсце складае 959 даляраў. Гэта плюс 1,5% у параўнанні з 1 ліпеня. Ад пачатку года сярэдняя цана «квадрата» ў гэтым абласным цэнтры вырасла на 9,9%.

Наступным па дарагавізне квадратнага метра ідзе Гродна. Па стане на 1 жніўня сярэдняя цана квадратнага метра ў гэтым абласным цэнтры складае 837 даляраў. Месячны прырост 0,8%. Ад пачатку года цана кватэры ў Гродне вырасла на 5,4%.

На ўсходзе танней

Сярэдні кошт квадрата ў Магілёве па стане на пачатак жніўня — 811 даляраў за м². Месячны прырост 0,6%. Ад пачатку года кватэры ў Магілёве падаражэлі на 5,5%.

Такі самы кошт метра і ў Гомелі — 811 даляраў за м² па стане на 1 жніўня. Месяцам раней было $803. Прырост склаў 1%. Ад пачатку года сярэдні кошт квадратнага метра ў гэтым абласным цэнтры вырас на 9,3%.

Самыя нізкія цэны на кватэры сярод абласных цэнтраў у Віцебску. Па стане на пачатак жніўня метр у Віцебску ў сярэднім каштуе $751. Месячны прырост склаў 1,1%. Усяго за сем месяцаў гэтага года цэны на кватэры ў Віцебску выраслі ўсяго на 1,6%.

Якія кватэры і па якіх цэнах цяпер прадаюць у Новай Баравой?

Больш чым $2000 за «квадрат». Дзе знаходзяцца і колькі каштуюць элітныя кватэры ў Гродне

Наколькі за год падаражэлі арэндныя кватэры ў Мінску і дзе самыя папулярныя лакацыі

Nashaniva.com