На Нямізе вывешвалі расцяжку «…каб таварыш Сталін дзякуй сказаў». Што адбывалася?

У Мінску здымалі чарговы расійскі фільм пра вайну. Сярод яго стваральнікаў — фанат вайны, расійскі акцёр Уладзімір Машкоў.

17.08.2024 / 22:57

Скрыншот відэа ў тыктоку

У сацыяльных сетках з'явіліся фота і відэа з месца здымак — людзі цікавіліся, што адбывалася ў Верхнім горадзе, дзе паставілі савецкія дэкарацыі (у тым ліку і расцяжку «Працаваць трэба так, каб таварыш Сталін дзякуй сказаў»).

Нацыянальнае агенцтва па турызме папярэджвала, што 13 жніўня на Нямізе будуць праходзіць здымкі кінафільма «У спісах не значыўся», а доступ на тэрыторыю будзе абмежаваны.

Гэта чарговы расійскі фільм на тэму Другой сусветнай вайны. У аснове сцэнара — аднайменны раман Барыса Васільева, напісаны ў 1974 годзе. Галоўны герой гісторыі — лейтэнант Мікалай Плужнікаў, які трапляе ў Брэсцкую крэпасць перад самым пачаткам вайны, 21 чэрвеня. Менавіта таму ягонага імя няма ў спісах часці. Пасля ўварвання ворагаў Плужнікоў змагаецца, а потым гераічна гіне.

Фота з сайта belarus.kp.ru

У стварэнні фільма прымае ўдзел Тэатр Алега Табакова. Мастацкі кіраўнік Уладзімір Машкоў расказаў журналістам, што даўно марыў зрабіць кіно з артыстамі тэатра. Сам ён таксама выканае невялікую ролю ў фільме.

— Гэта лейтэнанцкая проза пра чалавека, які толькі ўваходзіць у свет і за 300 дзён становіцца богам вайны. Гэта той невядомы салдат, якому ставяць помнікі па ўсёй краіне. Гэты чалавек у спісах не значыўся: яго няма, але ён ёсць, і ён перамог. Такі твор на кінаэкране неабходны, каб мы ведалі, адкуль мы. Асабліва для маладога пакалення, — заявіў расійскі акцёр Машкоў у каментары РІА «Навіны».

Дарэчы, сам Машкоў фанат вайны не толькі на экране. Ён наведваў вайсковыя шпіталі і падтрымліваў параненых расійскіх салдат. Раней казаў пра неабходнасць ствараць фільмы пра «спецыяльную ваенную аперацыю» (так прапаганда называе вайну). Уладзімір Машкоў нават адмовіўся ад сваёй дачкі, якая жыве ў ЗША і асуджае ўварванне Расіі ва Украіну.

Бюджэт поўнаметражкі «У спісах не значыўся» складае 800 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 9 мільёнаў даляраў). Таксама стваральнікі запыталі падтрымку ад Фонда кіно памерам 500 мільёнаў расійскіх рублёў.

Прадзюсарам стаў Цімур Вайнштэйн. Галоўную ролю ў фільме выконвае Уладзіслаў Мілер. Пасля Мінска здымкі будуць працягвацца ў Брэсце.

Прэм’ера фільма «У спісах не значыўся» запланаваная на май 2025 года.

Чатыры беларускія фільмы, якія вы не бачылі

Рэжысёр Дар'я Жук рыхтуе навукова-фантастычную драму-антыўтопію пра тэлепартацыю ў Беларусь

28 топавых серыялаў ад «Нашай Нівы» — выберыце свае!

Індыя можа здымаць свае фільмы ў Беларусі

Ганна Стафановіч