Карпенка паспрабаваў пракаментаваць інфармацыю пра магчымую дату выбараў

Паводле яго слоў, ЦВК «гатовы правесці выбары ў любы момант».

17.08.2024 / 13:03

Раней Белпол са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што сёмыя прэзідэнцкія выбары пройдуць пры канцы зімы, 23 лютага 2025 года. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, імаверна, сёння на сустрэчы ў Лінгвістычным універсітэце пракаментаваў гэту інфармацыю.

«У адпаведнасці з заканадаўствам, адштурхваючыся ад інаўгурацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, апошняя дата правядзення выбараў прэзідэнта — не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Рашэнне аб прызначэнні выбараў прымае Палата прадстаўнікоў, — сказаў Ігар Карпенка. — Трэба падкрэсліць, што прэзідэнцкія выбары завяршаюць тую маштабную палітычную мадэрнізацыю, якую запусціў рэспубліканскі рэферэндум, унёсшы змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе. І лагічна, што выбары прэзідэнта, як важнай галіны ўлады, якая каардынуе іншыя галіны ўлады, — дастаткова важны інстытут у гэтай палітычнай мадэрнізацыі.

Таму будзем чакаць рашэння Палаты прадстаўнікоў. ЦВК гатовы да правядзення выбараў у любы момант».

Паводле яго, ЦВК ужо падрыхтаваныя метадычныя рэкамендацыі.

«Мы навучаем патэнцыйных арганізатараў выбараў. На базе Акадэміі кіравання арганізаваны адпаведныя курсы. Мы разгарнулі такія курсы на базе інстытутаў развіцця адукацыі ў рэгіёнах. Трэба разумець, што, дапусцім, у адзіны дзень галасавання ў нас амаль 70 тысяч чалавек было задзейнічана толькі ў працы камісій. Гэта велізарная армія грамадскіх дзеячаў і, вядома, трэба дзесьці нюансы змененага выбарчага заканадаўства вывучыць, тэхналагічныя падыходы, аднастайнае прымяненне гэтага заканадаўства на практыцы галасавання. Гэтая праца таксама вядзецца», — падкрэсліў кіраўнік ЦВК.

«Мы, натуральна, працуем з тэрыторыямі па вызначэнні месцаў, дзе будуць праходзіць выбары, гэта значыць участкі для галасавання. Нешта трэба падрамантаваць, нейкае абсталяванне закупіць дадатковае.

Мы планамерна працуем у гэтым кірунку. І гэта звычайная з'ява, калі пасля правядзення адных выбараў ЦВК пачынае падрыхтоўку да наступных выбараў пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў таго ці іншага органа, які абіраецца», — дадаў Ігар Карпенка.

«Белпол» назваў імаверную дату прэзідэнцкіх выбараў 2025 года

Nashaniva.com