Выхаванка беларускі Юліі Раскінай заваявала золата на Алімпіядзе
Колішняя беларуская мастацкая гімнастка, срэбраная прызёрка Алімпіяды-2000 года ў аўстралійскім Сіднэі Юлія Раскіна такі дабілася залатога трыумфу, але гэтым разам не як спартсменка, а трэнерка. Алімпійскай чэмпіёнкай у Парыжы стала яе выхаванка Дар'я Варфаламееў, якая выступае за Германію.
09.08.2024 / 21:28
Шчаслівая Юлія Раскіна (справа) побач з Дар'яй Варфаламееў. Фота: Marcus Brandt/picture alliance via Getty Images
Юлія Раскіна працуе ў Германіі з 2015 года, і там трэніруе эмігрантак з Расіі Маргарыту Коласаву і Дарʼю Варфаламееву (паколькі ў нямецкай мове ў прозвішчаў няма роду, то выступаюць яны з прозвішчамі мужчынскага роду — Коласаў і Варфаламееў).
17-гадовая Варфаламееў была перад Алімпійскімі гульнямі ў Парыжы відавочнай фаварыткай, тым больш што на іх не было расіянак, якія ў гэтым відзе спорту заўсёды задаюць тон. Пасля кваліфікацыі, праўда, дзяўчына была толькі другой, але ў фінале выступіла выдатна і апярэдзіла галоўную суперніцу Барану Калейн.
Маргарыта Коласаў засталася на крыўдным чацвёртым месцы, прапусціўшы наперад яшчэ і італьянку Сафію Рафаэлі.
Юлія Раскіна ў 2022 годзе, калі Варфаламееў выйграла ажно 5 медалёў на чэмпіянаце свету, стала нямецкай трэнеркай года. Сёлета, відаць, яна таксама зможа на гэты ганаровы тытул прэтэндаваць.
У 2020 годзе Раскіна, дарэчы, публічна выступіла супраць гвалту і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
Лёгкаатлетка, якая заваявала алімпійскую бронзу, падпрацоўвае на порнасайце
У інстаграме мемнага стралка з Алімпіяды адшукаўся беларускі след
Арман Дзюпланціс устанавіў новы фантастычны сусветны рэкорд у скачках з шастом на Алімпіядзе