У пуцінскай адміністрацыі прыдумалі параўноўваць цяперашнія падзеі ў Курскай вобласці з бітвай на Курскай дузе

Палітычны блок Адміністрацыі прэзідэнта Расіі просіць расійскія дзяржаўныя і лаяльныя Крамлю СМІ «не нагнятаць абстаноўку» вакол уварвання УСУ ў Курскую вобласць. Пра такія настойлівыя рэкамендацыі выданню «Медуза» расказалі два супрацоўнікі такіх СМІ.

08.08.2024 / 22:55

Электронны білборд у Краснадары, 8 жніўня 2024 года. Фота: Profimedia

Супрацоўнікам падкантрольных медыя раяць усяляк пазбягаць разваг аб адкрыцці «новага фронту», а таксама рэкамендуецца параўноўваць тое, што адбываецца цяпер, з Курскай бітвай часоў Другой сусветнай вайны.

СМІ нельга пісаць і гаварыць пра магчымае прасоўванне ўкраінскіх войскаў да горада Курчатава, дзе знаходзіцца Курская атамная электрастанцыя, каб у аўдыторыі не ўзнікала «пачуццё ядзернай пагрозы». Замест гэтага трэба расказваць пра «поспехі расійскай арміі», якая нібыта не дае ўкраінскім войскам прасунуцца ўглыб тэрыторыі Курскай вобласці.

Рэкамендуецца таксама рабіць акцэнт на нападах УСУ на мірнае насельніцтва і падкрэсліваць, што падчас іх пацярпелі дзеці. Яшчэ адзін рэкамендаваны акцэнт для навінавых сюжэтаў — «адзінства і згуртаванасць людзей», якія прыходзяць у пункты здачы крыві і размяшчаюць у сваіх дамах эвакуяваных жыхароў Суджанскага раёна, пры гэтым распісваць трэба квяціста і з падрабязнасцямі.

Дзеянні мясцовых уладаў трэба падаваць са станоўчага боку. Але асаблівы акцэнт рэкамендуецца зрабіць на «намаганнях» федэральнай улады, Уладзіміра Пуціна і ўрада, якія «не кідаюць нікога ў бядзе».

Суразмоўцы «Медузы» адзначаюць, што атрымалі рэкамендацыі толькі сёння днём, хоць наступ УСУ пачаўся пазаўчора, 6 жніўня. Яны мяркуюць, што ў адміністрацыі Пуціна не разумелі маштабаў таго, што адбываецца, таму не змаглі скласці «метадычку» больш аператыўна.

Камандзір атрада кадыраўцаў расказаў, чаму яны не спынілі УСУ на мяжы. Іх вераломна абышлі

«Сітуацыя пакуль працягвае пагаршацца». Расійскія ваенкары пішуць пра поспехі УСУ

Герасімаў пад атакай тэлеграм-каналаў: пра Курск папярэджвалі, але ён нічога не зрабіў

Сырскі за сёння зрабіў Зяленскаму тры даклады — «менавіта такія, якія патрэбныя»

Рыбар: Сітуацыя ў Суджанскім раёне цяжкая

«Агрэсар заўсёды пажынае адпаведныя плады». Міхаіл Падаляк — пра «недатыкальнасць расійскай тэрыторыі»

Nashaniva.com