У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута

Імя журналіста згадвалася на перамовах аб абмене зняволенымі паміж Расіяй і заходнімі краінамі, але ён не трапіў у абмен. Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцак Севера патлумачыў чаму, піша Reform.news.

07.08.2024 / 13:16

Анджэй Пачобут. Фота: sb.by

У выніку абмену, які прайшоў у Анкары 1 жніўня, Польшча перадала Расіі абвінавачанага ў шпіянажы Паўла Рубцова, афіцэра ГРУ, які дзейнічаў пад імем Пабла Гансалеса.

Па словах Северы, па пытанні вызвалення Рубцова Польшча вяла перамовы толькі з ЗША, а не з Расіяй і Беларуссю.

«Маючы ў якасці саюзніка амерыканцаў, нам давялося ставіць умовы і рэагаваць на іх запыты. Наколькі мне вядома, падчас перамоваў усплывала імя Анджэя Пачобута. Ход перамоваў такога тыпу заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, пра якія я не магу тут згадаць», — сказаў Севера ў эфіры TVP Info.

Па словах Северы, праца па вызваленні Пачобута працягваецца.

Ён таксама адзначыў, што абмен Рубцова ў той форме, у якой ён быў ажыццёўлены, можа прынесці Польшчы больш выгады, чым яго знаходжанне пад вартай і потым у турме.

«Па лініі службаў — а гэтыя перамовы праводзіліся шмат месяцаў перш за ўсё спецслужбамі — такая паслуга з'яўляецца найбольш каштоўнай валютай. Абменам гэтай валюты Польшча шмат разоў карысталася, сярод іншага для атрымання інфармацыі аб шпіёнскіх сетках, якія да гэтага часу прыводзілі да нападаў, падпалаў або дыверсій на тэрыторыі Польшчы», — заявіў Севера.

Кіраўнік БНБ параўнаў дзейнасць па вызваленні Пачобута з ігрой на некалькіх фартэпіяна і заявіў, што такая праца праводзіцца.

«Ігра з Беларуссю па справе вызвалення апазіцыянера, які непахісна прадстаўляе пазіцыю як беларуса, так і паляка, які крытычна адносіцца да аўтарытарнай улады, павінна быць ігрой, якую граюць, як часам кажуць, на некалькіх фартэпіяна. Ігрой, якая прадугледжвае прымяненне эканамічнага, палітычнага ціску, а таксама ціску з боку трэціх краін. Такая ігра сёння праводзіцца», — заявіў Севера.

Нагадаем, у лютым 2023 года Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Журналіста прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. МЗС Польшчы заявіў днямі, што перамовы па вызваленні Пачобута вядуцца наўпрост з Беларуссю.

Ці могуць дэмакратычныя сілы вызваліць палітвязняў праз сваю дыскрэдытацыю? Гэта ілюзія

МЗС Польшчы: Пытанне вызвалення Пачобута мы абмяркоўваем напрамую з Беларуссю

Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута

Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр

Слюнькін: Магчыма, вызваленне беларускіх палітзняволеных абмяркоўваецца на іншым трэку

Nashaniva.com