У прыбіральнях Палаца культуры БелАЗа камеры паставілі проста над унітазамі

Госці, якія наведалі «БелАЗфэст» на мінулых выхадных, былі непрыемна здзіўленыя гэтым адкрыццём, піша Ex-press.by.

06.08.2024 / 18:20

Скрын відэа «Мая краіна Беларусь»

Прыбіральня — гэта адно з нямногіх месцаў, дзе чалавек адчувае бяспеку і абароненасць ад старонніх вачэй. Устаноўка камер у такіх месцах падрывае гэта пачуццё, ствараючы атмасферу пастаяннага кантролю. А ў наведвальнікаў Палаца культуры БелАЗа цяпер ёсць пытанні: хто за імі назірае ў прыбіральні, як пад наглядам спраўляць патрэбу, мяняць пракладкі, і ці не апынуцца гэтыя запісы ў інтэрнэце?

Чытач выдання Дзяніс лічыць, што адміністрацыя парушае права наведвальнікаў на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Паводле яго слоў, у Палацы культуры камеры стаяць паўсюль: у залах, рэпетыцыйных пакоях, гардэробе, а цяпер і ў прыбіральнях.

Дзяніс паведаміў Ex-press.by, што камеры ў прыбіральнях паставілі не толькі што, гараджане даўно абмяркоўваюць іх з'яўленне:

«Відэакамеры стаяць усюды, і я ведаю, што іх непасрэдна глядзіць дырэктар, у яго ў кабінеце ўсталяваныя экраны. Гэта можа быць звязана з жаданнем прадухіліць акты вандалізму або падтрымліваць чысціню ў грамадскіх месцах. Кажуць, што гэтыя камеры не толькі выяву пішуць, але і гукі… Вось ужо задавальненне таго, хто глядзіць! Калі сур'ёзна, такія захады здаюцца празмернымі і не апраўдваюць парушэнне права на недатыкальнасць прыватнага жыцця».

Гараджанін гаворыць і пра тое, што ў многіх краінах устаноўка камер у месцах, дзе людзі могуць знаходзіцца без адзення, забароненая законам. Гэта тычыцца туалетаў, распранальняў і душавых. Пакаранні за такія дзеянні вар'іруюцца ад штрафаў да крымінальнай адказнасці.

Дзеянні адміністрацыі Палаца культуры могуць быць расцэненыя як незаконныя:

«У цывілізаваным грамадстве грамадзяне маглі б звярнуцца ў праваахоўныя органы і праваабарончыя арганізацыі для абароны сваіх правоў і прыцягнення ўвагі грамадскасці. Але ў Беларусі, асабліва на БелАЗе, гэта можа аказацца складанай задачай».

Душ за 10 рублёў, шалёная чарга аўто і хіты расійскіх поп-зорак: як сёлета прайшоў фестываль Viva Braslav

Святкавалі ў калідоры побач з прыбіральняй: у брэсцкай школе перастараліся са сціпласцю выпускнога

Дзяўчат у форме прыбіральшчыц не пусцілі ў гандлёвы цэнтр у Мінску праз галоўны ўваход

Nashaniva.com