Расія спрабуе дэстабілізаваць Нігерыю. Упадзе яна — упадзе ўся Заходняя Афрыка
Па ўсёй Нігерыі, адной з наймацнейшых краін Афрыкі, выбухнулі масавыя пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўрада. У часткі дэманстрантаў заўважаныя расійскія сцягі, як гэта ўжо было падчас пратэстаў у суседніх з Нігерыяй краінах, дзе потым адбыліся пракрамлёўскія перавароты. Тлумачым, у чым выключнасць Нігерыі і чаму яе магчымы пераход пад расійскі ўплыў стане катастрофай для Захаду.
08.08.2024 / 07:00
Нігерыйскія вайскоўцы глядзяць на антыўрадавых пратэстоўцаў з расійскімі сцягамі і наймітаў ПВК «Вагнер». Усё гэта адлюстравана на карце Афрыкі, дзе таксама пазначана сама Нігерыя са сваім зялёна-бела-зялёным сцягам. Фоты: Contributor Getty Images / French Army via AP / Chronicle.ng / vecteezy. Калаж: «Наша Ніва»
У шматлікіх гарадах і рэгіёнах Нігерыі з 1 жніўня пачаліся масавыя антыўрадавыя пратэсты з-за праблем з карупцыяй, высокай інфляцыі і голаду. У дэманстрацыях і беспарадках удзельнічаюць сотні тысяч нігерыйцаў, частка з якіх перакрывае аўтамагістралі, захоплівае адміністратыўныя будынкі і змагаецца з паліцыяй.
Сярод пратэстоўцаў таксама былі заўважаныя людзі з расійскімі сцягамі, якія заклікаюць да вайсковага перавароту ў Нігерыі і звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна, «каб той іх выратаваў», паведамляюць агенцтва Reuters і нігерыйскія медыя са спасылкай на ўлады краіны.
Агульнанацыянальны пратэст, які ладзіцца пад лозунгам «End Bad Governance» («Далоў дрэннае дзяржкіраванне»), быў выкліканы незадаволенасцю эканамічнымі рэформамі ўрада Нігерыі на чале з прэзідэнтам краіны Болай Цінубу, якія прывялі да істотнага скарачэння субсідый на бензін і электраэнергію, дэвальвацыі валюты і рэкорднай за трыццаць гадоў інфляцыі. З-за гэтага пратэстоўцы патрабуюць адмены скандальных рэформаў і адстаўкі ўрада разам з прэзідэнтам.
Падчас дэманстрацый і беспарадкаў загінулі як мінімум 22 чалавекі (сярод іх ёсць адзін непаўнагадовы), больш за 700 пратэстоўцаў былі арыштаваныя. У некаторых рэгіёнах дзейнічае каменданцкая гадзіна.
Частка нігерыйскіх пратэстоўцаў выходзіць з расійскімі сцягамі і заклікае да вайсковага перавароту на карысць Расіі. Некаторыя дэманстранты топчуць і псуюць свае дзяржаўныя сцягі на фоне расійскіх (фота 1). Крыніца: нігерыйскія медыя і сацсеткі
Нігерыйскія паліцыянты насупраць антыўрадавых пратэстоўцаў. Фота: Sunday Alamba / AP Photo
Факт наяўнасці расійскіх сцягоў у часткі пратэстоўцаў выклікаў рэзкую рэакцыю з боку нігерыйскіх уладаў. Так, прэзідэнт краіны Бола Цінубу склікаў тэрміновую нараду з кіраўнікамі дзяржаўных спецслужб і арміі, на якой абмяркоўваліся контрмеры супраць прарасійскіх агентаў уплыву.
«Мы дакладна і адназначна папярэджваем, што не дазволім нікому падымаць замежны сцяг у Нігерыі. Гэта дзяржаўная здрада, і яна будзе разглядацца намі менавіта так», — прыгразіў начальнік Генштаба нігерыйскай арміі Крыстафер Муса адразу пасля нарады з прэзідэнтам, перадае Reuters.
На фоне гэтага пасольства Расіі ў Нігерыі паспяшалася заявіць мясцовай прэсе, што не мае ніякага дачынення да з'яўлення расійскіх сцягоў у нігерыйскіх пратэстоўцаў, але пры гэтым дадало, што «расійскія сцягі — гэта асабісты выбар асобных нігерыйцаў».
Дзейны прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу (у цэнтры), які прыйшоў да ўлады пасля выбараў 2023 года. Цінубу ў сваёй палітыцы арыентаваны на Захад і ў пачатку свайго тэрміна памяняў усіх генералаў і кіраўнікоў спецслужбаў былога ўрада краіны, які падтрымліваў адносна сяброўскія адносіны з Расіяй. Фота: Olamikan Gbemiga / AP Photo
Уладзімір Пуцін усміхаецца былому прэзідэнту Нігерыі Мухамаду Бухары, які прыехаў на саміт Афрыка-Расія ў Сочы ў 2023 годзе. Фота: Mikhail Svetlov / Contributor Getty Images
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, рэакцыя нігерыйскага ўрада на расійскія сцягі ў пратэстоўцаў адразу ператварылася ў дзеянні. Так, паліцыя і спецслужбы Нігерыі на гэты момант арыштавалі больш за 90 чалавек, заўважаных на пратэстах з расійскімі сцягамі.
Сярод арыштаваных было сем грамадзян Польшчы і шэсць грамадзян Іспаніі, якія некалькі дзён размахвалі сцягамі Расіі падчас маніфестацый, пішуць буйныя афрыканскія парталы Sahara Reporters і The Spectacles са спасылкай на прадстаўнікоў нігерыйскіх уладаў.
Апроч іх, былі таксама затрыманыя краўцы, якія выраблялі і распаўсюджвалі расійскія сцягі ў натоўпах пратэстоўцаў. Адзін з краўцоў прыехаў з суседняга Нігера, дзе нядаўна да ўлады шляхам вайсковага перавароту прыйшла прарасійская хунта, паведамілі ў нігерыйскай паліцыі.
Прадстаўнікі паліцыі таксама дадалі, што ў Нігерыю прабраліся замежныя найміты, каб дэстабілізаваць сітуацыю. Пры гэтым у паліцыі змаўчалі колькасць і нацыянальнасць наймітаў.
У дадатак да гэтага спецслужбы Нігерыі распачалі расследаванне ў адносінах да чатырох топ-чыноўнікаў, якія маглі арганізоўваць прарасійскія пратэсты ў краіне, паведамляе нігерыйская штодзённая газета The Punch.
«Ёсць доказы знешняга ўплыву з удзелам чатырох нашых палітыкаў, якія ўступілі ў змову з адной з заходнеафрыканскіх краін і адной з краін Еўропы, каб зладзіць беспарадкі і прапагандаваць выкарыстанне сцягоў, якія мы бачым. Яны хочуць зрабіць тут тое ж самае, што адбылося ў некаторых іншых краінах», — распавёў газеце The Punch прадстаўнік нігерыйскіх спецслужб.
Іншыя крыніцы ў спецслужбах краіны таксама паведамілі, што ў арганізацыі пратэстаў былі заўважаныя шыіцкія ісламісцкія групоўкі, традыцыйна звязаныя з Іранам.
Чаму прарасійскія пратэсты ўспыхнулі менавіта цяпер і чаму Расіі і Захаду настолькі важная Нігерыя?
Нігерыя — самая густанаселеная краіна Афрыкі (крыху больш за 230 мільёнаў чалавек), якая займае чацвёртае месца на кантыненце па ўзроўні ВУП. Такое ж месца займае і па ўзроўні ваеннай моцы (саступаючы толькі Егіпту, Алжыру і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы), маючы 280 тысяч салдат рэгулярнай арміі з магчымасцю прыцягнуць на выпадак ваеннага становішча больш за 100 мільёнаў прызыўнікоў.
Нігерыя з'яўляецца вядучым саюзнікам ЗША ў Афрыцы, жыве па дэмакратычных прынцыпах, а таксама мае велізарныя запасы нафты, прыроднага газу і рэдказямельных металаў.
Але самае важнае: Нігерыя з'яўляецца вайсковым і эканамічным ядром празаходняга блоку заходнеафрыканскіх краін ECOWAS — моцнага рэгіянальнага аб'яднання з уласным мытным і валютным саюзам, агульным рынкам і органамі ўлады, калектыўнымі ўзброенымі сіламі і гэтак далей, якое існуе ўжо амаль 50 гадоў і ў склад якога ўваходзіць большасць краін Заходняй Афрыкі.
Члены ECOWAS у апошнія гады рэгулярна церпяць ад спробаў Расіі зладзіць перавароты і паставіць у рэгіёне лаяльныя вайсковыя хунты. У трох краінах у Крамля гэта атрымалася —Малі, Нігер і Буркіна-Фасо на працягу многіх гадоў уваходзілі ў склад ECOWAS, а затым пасля прарасійскіх пратэстаў і пераваротаў цалкам трапілі пад расійскі ўплыў, выйшлі з ECOWAS і выгналі са сваёй тэрыторыі заходнія войскі і кампаніі.
Замест іх хунты запрасілі да сябе расійскія энергетычныя карпарацыі і наймітаў ПВК «Вагнер», каб здабываць крытычна важныя для Расіі літый, уран і іншыя рэдказямельныя рэсурсы, паралельна ваюючы з ворагамі мясцовых прарасійскіх рэжымаў і ахоўваючы ад іх месцы здабычы сыравіны.
Цяперашнія суадносіны сіл у Заходняй Афрыцы: чырвоным колерам пазначаны прарасійскія Малі, Нігер і Буркіна-Фасо (усе яны раней былі чальцамі ECOWAS, пакуль у іх не адбыліся вайсковыя перавароты), а шэрым — усе астатнія 12 краін ECOWAS (разам з Нігерыяй), якія выступаюць супраць прарасійскіх хунтаў у рэгіёне. Фота: Pavan Kulkarni / Peoples Dispatch
Армія Нігерыі — адной з самых моцных у вайсковым плане краін празаходняга блока ECOWAS і ўсёй Афрыкі ўвогуле. Фота: Contributor Getty Images
Пасля выхаду з ECOWAS усе тры прарасійскія хунты Малі, Нігера і Буркіна-Фасо аб'ядналіся ў так званую «Канфедэрацыю Сахеля» — вайскова-палітычны і эканамічны альянс, які капіюе ECOWAS, але ў цяперашнім сваім складзе вельмі слабы і ізаляваны ў пустыні без выхаду да мора (значыць, без зручнай транспарціроўкі здабытых Расіяй рэсурсаў да сябе ці на сусветныя рынкі).
Чытайце таксама. Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?
Каб вырашыць гэтую праблему, канфедэрацыі Сахеля неабходна пашырацца, а найбліжэйшымі краінамі з каштоўнымі заходнімі актывамі, вялікімі запасамі прыродных рэсурсаў і выхадам да мора з'яўляюцца менавіта члены ECOWAS, якіх прарасійскія хунты пакуль не здольныя перамагчы ў адкрытым баі.
Рэгулярныя арміі Малі, Нігера і Буркіна-Фасо (агулам 32 тысячы салдат пераважна са старым савецкім узбраеннем) нашмат саступаюць калектыўным узброеным сілам краін ECOWAS (246 тысяч вайскоўцаў з доступам да заходняй зброі).
Аднак гэтая перавага ECOWAS збольшага забяспечваецца толькі адным яго членам — Нігерыяй, якая з'яўляецца асноўным фундатарам арганізацыі (30% бюджэту ECOWAS на Нігерыі), а больш за палову салдат у калектыўных узброеных сілах ECOWAS — нігерыйскія (143 тысячы).
Нескладана прадбачыць, што будзе, калі ў Нігерыі адбудзецца паспяховы прарасійскі вайсковы пераварот. Без Нігерыі ўвесь блок ECOWAS сутыкнецца з вялікім крызісам фінансавання і бяспекі з перспектывай распасціся цалкам, што зробіць краіны Заходняй Афрыкі лёгкай здабычай для Расіі і ператворыць цэлы рэгіён у расійскую вотчыну.
А гэта, у сваю чаргу, за кошт манапалісцкага доступу да багатых прыродных рэсурсаў рэгіёну дазволіць Крамлю амаль цалкам пазбавіцца сваёй сыравіннай і тэхналагічнай залежнасці ад Захаду для падтрымлівання сваёй эканомікі і арміі, што можа зрабіць заходнія эканамічныя санкцыі супраць Расіі бессэнсоўнымі.
Больш за тое, гэта можа зрабіць Расію дамінуючым гульцом на сусветных рынках рэдказямельных металаў, энерганосьбітаў і паліва, што дазволіць Крамлю дыктаваць умовы Захаду, які сам крытычна залежыць ад рэсурсаў Заходняй Афрыкі. Адной з такіх умоваў можа быць якраз дазвол заходнім кампаніям працягваць здабываць рэсурсы ў рэгіёне ў абмен на бесперабойную пастаўку пэўных заходніх тэхналогій і кампанентаў у Расію.
У Афрыцы можа выбухнуць яшчэ адна вялікая вайна. І вагнераўцы круцяцца побач
Прапагандысты з Малі абвінавацілі ў разгроме вагнераўцаў «спецназ НАТА». Нават у Расіі пасмяяліся
Расія пачала паляваць на актывы Google па ўсім свеце праз «сяброўскія краіны». Ужо ёсць прэцэдэнт