Украінскія пілоты F-16 атрымалі нашлемныя прыцэлы, якія дазваляюць страляць позіркам. Як гэта працуе?
Чым яны адметныя і як працуюць?
05.08.2024 / 10:49
Пілот у шлеме, абсталяваным сістэмай JHMCS. Скрын відэа: elbitsystems / YouTube
Нашлемныя прыцэлы JHMCS (Joint Helmet Mounted Cueing System) з'яўляюцца амерыканскай распрацоўкай, якая знаходзіцца ў эксплуатацыі з 2003 года. Яе стварэнне было абумоўлена прыняццем на ўзбраенне ў 2002 годзе мадыфікаваных ракет малой дальнасці класа «паветра-паветра» AIM-9X.
Гэтая шматфункцыянальная сістэма не толькі значна павышае інфармаванасць пілота аб наземных і паветраных цэлях, але і забяспечвае кіраванне сістэмамі навядзення і датчыкамі самалёта на адлегласці. Яна замяняе індыкатар на лабавым шкле і дазваляе пілоту страляць туды, куды накіраваны яго погляд.
Сістэма мае магнітны нашлемны трэкер, які вызначае, куды накіраваная галава пілота. Інфармацыя аб цэлі двума светадыёдамі адлюстроўваецца на візары — ахоўнай панэлі-дысплеі, якая з'яўляецца часткай шлему.
Фота: insiderUKR / Telegram
Пілоту дастаткова павярнуць галаву і злавіць цэль у сетку прыцэлу на дысплеі без выкарыстання органаў ручнога кіравання і без змены напрамку палёту. Гэта дазваляе атрымаць перавагу ў баі, здзейсніўшы стрэл першым.
Інтэграваная ў шлем камера запісвае даныя аб палёце і навядзенні, што карысна для аналізу пасля палёту.
Сістэма можа выводзіць інфармацыю як у дзённым, так і начным рэжымах. Лёгкі шлем вызначаецца палепшанай вагавай балансіроўкай, што дазваляе зменшыць стомленасць пілотаў, асабліва ў час працяглых палётаў.
Паведамляецца, што нашлемныя прыцэлы JHMCS атрымалі ўкраінскія пілоты F-16. Расія падобных сістэм не мае.
Украіна атрымала дзесяць знішчальнікаў F-16
Ці шмат зменіцца ад таго, што ва Украіну прыбылі знішчальнікі F-16?
УСУ мяняюць стратэгію, рыхтуючыся да прыбыцця F-16