На канферэнцыі «Новая Беларусь» прынялі «Платформу 2025»
У дакуменце пад назвай «Платформа 2025», які падпісалі ўдзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь», што праходзіць сёння ў Вільні, вызначаюцца асноўныя мэты дэмакратычных сіл на будучы год.
03.08.2024 / 21:24
Сярод пазначаных задач — непрызнанне сусветнай супольнасцю наступнага пераабрання Лукашэнкі, праца па вызваленні палітвязняў, а таксама ўзмацненне працы з дзейнымі дзяржслужачымі, якія падтрымліваюць дэмакратычную будучыню краіны.
Падпісанты «Платформы 2025» запатрабавалі спынення ўсіх відаў рэпрэсій, вызвалення палітвязняў, рэалізацыі права ўсіх грамадзян Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да CMI, а таксама правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.
Таксама падкрэсліваецца, што прадстаўнікі дэмсіл будуць дамагацца прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў за злачынствы супраць беларускага народа і міжнародныя злачынствы.
Дэкларуецца, што дэмакратычныя сілы Беларусі маюць агульных ворагаў — рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. Таму выказваецца гатоўнасць аб'ядноўвацца ў барацьбе з імі замест змагання адзін з адным. Трэба сумесна дамагацца адкрытасці Еўропы і ўсяго дэмакратычнага свету для беларусаў, дабівацца таго, каб грамадзян Беларусі і кіроўны ў ёй рэжым адрознівалі.
Да платформы далучыліся Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада ў цэлым і асобна яе фракцыі — «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду!», «Воля», «Наша справа», «Хопіць баяцца!», «Еўрапейскі выбар», а таксама фонд Bysol, Фонд медыцынскай салідарнасці, ініцыятывы «Сумленныя людзі», «Народныя амбасады», Аб'яднаная грамадзянская партыя і Рух «За Свабоду».
«Платформа 2025» адкрытая для далучэння ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл (палітычных структур, грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, дыяспар, суполак і інш.), якія падзяляюць яе палажэнні.
«Праца зрушылася з месца». Ціханоўскага згадала пра пашпарт Новай Беларусі
Беларус прыйшоў на канферэнцыю Новай Беларусі з яркім манікюрам у падтрымку Камалы Харыс ФОТЫ
Ягораў прапануе прызнаць легітымнасць Лукашэнкі, калі гэта дазволіць вызваліць палітвязняў
Латушка: Мы выступаем за тое, каб на выбарах галасаваць супраць усіх
Ціханоўская: Мы не ведалі пра абмен зняволенымі і не ўдзельнічалі ў працэсе
У Вільні стартавала канферэнцыя «Новая Беларусь»