Беларусь — адна з найнебяспечнейшых краін Еўропы — Numbeo
У першым паўгоддзі 2024 года Беларусь заняла 54 месца ў індэксе злачыннасці па версіі Numbeo, піша thinktanks.by. Партал Numbeo фарміруе рэйтынгі на аснове апытанняў карыстальнікаў сайта за апошнія 36 месяцаў.
02.08.2024 / 23:35
Фота ілюстрацыйнае
Для складання Crime Index эксперты ўлічвалі такія паказчыкі, як агульнае ўспрыманне ўзроўню злачыннасці, адчуванне бяспекі, занепакоенасць з нагоды канкрэтных злачынстваў, ацэнка ўзроўню злачынстваў супраць уласнасці, ацэнка ўзроўню гвалтоўных злачынстваў.
Для ацэнкі краін выкарыстоўваецца шкала ад 0 да 100. Стваральнікі рэйтынгу лічаць, што адзнака ніжэй за 20 адпавядае краінам з вельмі нізкім узроўнем злачыннасці, ад 20 да 40 — з нізкім, ад 40 да 60 — з умераным, ад 60 да 80 — з высокім, а вышэй за 80 — з вельмі высокім.
Беларусь — адна з самых небяспечных краін Еўропы
Да 2020 года Беларусь абганяла не толькі суседнія краіны, але і многія еўрапейскія па ўзроўні бяспекі. Напрыклад, у пачатку 2020 года індэкс злачыннасці ў Беларусі ацэньваўся ў 24,99 бала, тады як Польшча знаходзілася на адзнацы ў 28,5 бала, Літва — у 33,06 бала, Латвія — у 36,95 бала, Расія — у 41,12 бала, Украіна — у 48,85 бала.
Аднак ужо ў пачатку 2021 года індэкс злачыннасці ў Беларусі рэзка ўзрос да адзнакі ў 60,27. З кожным годам гэты паказчык патроху зніжаецца, але
на момант першага паўгоддзя 2024 года Беларусь па-ранейшаму застаецца адной з самых небяспечных краін Еўропы з паказчыкам 50,6 бала. Вышэй сярод еўрапейскіх краін — толькі ў Францыі (55,3 бала).
Беларусь і суседзі
У першым паўгоддзі 2024 года Беларусь заняла ў рэйтынгу 54-е месца з паказчыкам 50,6 бала. У параўнанні з 2023 годам наша краіна крыху палепшыла свае пазіцыі. У першым паўгоддзі мінулага года Беларусь набрала 51,4 бала.
Бліжэй за ўсё да Беларусі апынулася Украіна, набраўшы 46,8 бала. Далей ідзе Расія з паказчыкам 38,9 бала. Латвія набрала 37,3 бала, Літва — 32,5 бала, Польшча — 29,1 бала. У параўнанні з мінулым годам свае паказчыкі крыху палепшылі Расія і Літва.
Самыя небяспечныя краіны свету
Тройка самых небяспечных краін свету зведала невялікія змены. Калі ў 2023 годзе ў яе ўваходзілі Венесуэла, Папуа — Новая Гвінея і Афганістан, то ў 2024 годзе Гаіці памянялася з Афганістанам месцамі, заняўшы трэцюю пазіцыю ў антырэйтынгу.
У першым паўгоддзі 2024 года Венесуэла набрала 80,9 бала, Папуа — Новая Гвінея — 80,1 бала, Гаіці — 78,7 бала.
Беларусь і Мінск патрапілі ў сусветны рэйтынг коштаў на кватэры. На якіх месцах?
Мінск увайшоў у тройку самых крыміналізаваных гарадоў Усходняй Еўропы
У Беларусі самае таннае таксі ў Еўропе