Лукашэнка з Крыгерам сеў у лужыну. А сэнс вызвалення расійскіх палітвязняў вось у чым

Так смешна, як лукашэнкаўцы рабілі выгляд, што нешта рашаюць, Гладкую прыцягнулі, адваката — тады як Масква з Вашынгтоном і Берлінам ужо даўно ўсё вырашыла, і самалёты ўжо запраўленыя стаялі, піша Сяргей Гезгала.

01.08.2024 / 23:11

Рыка Крыгера вядуць на абмен. Фота Federal Security Service of Russia / Handout / Anadolu via Getty Images

А якое было кіно, як ігралі акцёры: інсцэніраваны выбух у Азярышчы, смяротны прысуд.

Прастафіля Рыка Крыгер у выніку па-хуткаму трапіў дадому, прычым ляцеў у кампаніі годных людзей.

Можна толькі парадавацца за Кара-Мурзу, Яшына, Арлова, Скачыленку ды іншых вызваленых палітвязняў.

Гучаць смутныя галасы: а беларусаў няма каму выкупляць, няма на каго мяняць. Што ж, такая доля многіх герояў — ад Нэльсана Мандэлы да Ларысы Геніюш. Многія з іх выходзілі пераможцамі — адно праз доўгія гады.

Само рашэнне ЗША і Нямеччыны ўзамен за патрэбных Пуціну агентаў уратаваць, выцягнуць некага з расійскіх антываенных і прадэмакратычных актывістаў — мудрае.

Яно дасць надзею, натхніць іх паплечнікаў па расійскай апазіцыі. А ім жа няпроста там. Між тым і будучыня Беларусі залежыць ад таго, ці ўдасца свету змяніць Расію. І расійскія сілы, якія працуюць на гэтыя змены, заслугоўваюць падтрымкі. Вось чаму і вызваленне дысідэнтаў — гэта крок у добрым кірунку, як у савецкі час абмены Букоўскага і Шчаранскага.

Але ўся гэтая гісторыя таксама ясна паказала ўрадам у тым ліку Польшчы, Літвы і Латвіі як найбольш зацікаўленых — калі хочаш мець хаця б шанец некага выцягнуць з Беларусі, трэба здабыць кагосьці, хто таму рэжыму патрэбны.

Як пераканаліся ў Варшаве ды іншых сталіцах, проста словаў у Мінску не разумеюць.

Думаю, усведамленне гэтага прымусіць зараз панервавацца лукашэнкаўскую прамую агентуру і агентаў уплыву.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на Валааме, 26 ліпеня 2024 года.

Расійскія экс-палітзняволеныя, адпраўленыя ў Германію, так і не з'явіліся на публіцы

Дональд Трамп жорстка раскрытыкаваў праведзены абмен зняволенымі

Чаму ў вялікім абмене не было беларускіх палітвязняў? Адказ Вячоркі

Сяргей Гезгала