Чаму ў вялікім абмене не было беларускіх палітвязняў? Адказ Вячоркі
На фоне абмену зняволенымі паміж Расіяй, Захадам і ЗША і поспехаў у гэтай справе з вызваленнем украінцаў з беларускіх турмаў «Наша Ніва» спытала ў дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, якая праца вялася па беларускіх палітвязнях і ці чакаць нам добрых навін.
01.08.2024 / 22:54
Франак Вячорка. Фота: Офіс Ціханоўскай
«На вялікі жаль, гэты абмен не прывёў да вызвалення беларускіх палітвязняў. Мы ў перамовах не ўдзельнічалі, і нейкага беларускага аспекту ў гэтым абмене не было, калі не лічыць дзіўнай гісторыі з Крыгерам. Расія выкупляла сваіх шпіёнаў, а ўзамен прапанавала сваіх вязняў.
У гэтыя дні ў нас было шмат званкоў і размоваў, але, на жаль, без шанцаў,
— адказаў Вячорка.
— І праблема тут не з боку заходніх партнёраў, мы ведаем, колькі намаганняў яны прыкладаюць у справе вязняў. Мы ведаем, колькі Польшча прыкладае намаганняў у справе Пачобута. Праблема з Лукашэнкам, які як глухая сцяна. Каб такі абмен адбыўся з беларускімі вязнямі, трэба каб і з боку рэжыму была такая гатоўнасць, і каб было на каго іх абменьваць.
У еўрапейцаў няма лукашэнкаўскіх шпіёнаў, як расійскіх, на якіх можна было б мяняць людзей. Ва Украіне былі палонныя вайскоўцы, якіх яны маглі памяняць на сваіх партызан. У Нямеччыне ёсць расійскія агенты.
Магчыма, калі б Захад затрымліваў лукашэнкаўскіх агентаў, а не проста іх экстрадаваў у Беларусь, гэта мог бы быць абменны фонд.
Мы мелі надзею на вызваленне людзей з гуманітарнага спісу і, здаецца, нават Лукашэнка дасылаў патрэбныя сігналы, але, на жаль, з’ява не стала нечым масавым.
Наша задача мінімум — каб людзей пачалі вызваляць, а новых не садзіць. Пакуль тэндэнцыя адваротная — выходзіць з турмаў менш, чым з’яўляецца новых палітвязняў».
Інтэрв'ю цалкам: