Экс-намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі стварыў Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва

Абвяшчаецца, што Агенцтва адкрытае для партнёрства з рознымі беларускімі і міжнароднымі ўдзельнікамі.

01.08.2024 / 15:07

Валер Кавалеўскі і Кірыл Данько. Фота: твітар В. Кавалеўскага

«Сёння мы абвяшчаем пра пачатак дзейнасці Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва для дасягнення інтэграцыі незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі ў склад еўраатлантычнай супольнасці», — напісаў ён у сваім фэйсбуку.

Па яго словах АЕС з'яўляецца незалежнай, нацэленай на вынік камандай з экспертызай у галіне міжнародных адносін і камунікацый.

«Мы будзем працаваць з урадамі, міжнароднымі арганізацыямі, дэмакратычным рухам, аналітычнай супольнасцю і СМІ. Мы базуемся ў Варшаве і дзейнічаем у розных краінах», — зазначае экс-намеснік Святланы Ціханоўскай.

«Мэты і задачы АЕС з'яўляюцца актуальнымі і складанымі і патрабуюць сумесных намаганняў на ўсіх этапах. З гэтай мэтай Агенцтва адкрытае для партнёрства з рознымі беларускімі і міжнароднымі ўдзельнікамі», — дадаў ён.

Валер Кавалеўскі названы выканаўчым дырэктарам АЕС, дарадцам па замежнай палітыцы з'яўляецца Антон Пянькоўскі, Кірыл Данько — дырэктарам па камунікацыях.

***

Валер Кавалеўскі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце быў намеснікам Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах. Ён пакінуў Кабінет у канцы чэрвеня.

Валерый Кавалеўскі патлумачыў, чаму пакінуў Кабінет Ціханоўскай

Стала вядома, хто будзе выконваць абавязкі намесніка Ціханоўскай пасля адстаўкі Кавалеўскага

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

Nashaniva.com