«Некалькі месяцаў не магу абняць дзіця». Маладая маці просіць Лукашэнку вярнуць маленькага сына, якога забраў бацька
Сёлета ў маі мужчына забраў 6-гадовага сына Дзяніса ў былой жонкі на выходныя — але дагэтуль не вярнуў дзіця маці. Вікторыя Тампей кажа, што з таго моманту не бачыла хлопчыка. Ні чыноўнікі, ні міліцыя не дапамагаюць ёй вярнуць сына. Яна вырашыла запісаць зварот да Лукашэнкі.
01.08.2024 / 13:31
Вікторыя Тампей. Скрыншот відэа ў тыктоку
Маладая маці выклала відэа з просьбай аб дапамозе ў сваім тыктоку.
— У маі мой былы муж Ігар Варапай забраў дзіця, каб правесці з ім выходныя і дагэтуль яго не вярнуў. Я не ведаю, дзе мой сын і з кім ён, у які дзіцячы садок ён ходзіць і ці ходзіць увогуле.
Вікторыя кажа, што суд Цэнтральнага раёна Мінска 20 чэрвеня выдаў рашэнне аб неадкладным выкананні ранейшай пастановы суда, згодна з якой месца пражывання сына вызначана з маці.
— Гэта ігнаруецца. Судовая выканаўца бяздзейнічае, спасылаючыся на тое, што яна не разумее, як выканаць рашэнне суда.
Вікторыя кажа, што неаднойчы спрабавала вярнуць сябе дзіця.
— Я некалькі разоў выклікала супрацоўнікаў міліцыі, але яны не дапамаглі мне, спасылаючыся на тое, што гэта грамадзянска-прававыя адносіны. Я хаджу па замкнёным коле і мару толькі аб тым, каб хутчэй абняць свайго сына.
Вікторыя просіць вярнуць ёй сына, пакараць тых, хто вінаваты ў іх расстанні, а таксама разабрацца ў бяздзейнасці людзей, якія тэарэтычна павінны былі дапамагаць у такой сітуацыі.
Жанчына пералічвае, у якія інстанцыі звярталася, каб хлопчыка нарэшце знайшлі. Але сцвярджае, што ўсюды атрымала толькі фармальныя адпіскі. Міліцыя нават не заўсёды выязджала пасля яе званка на лінію 102, каб прыехаць і дапамагчы забраць дзіця.
За суткі відэа набрала каля 300 тысяч праглядаў і больш за 10 тысяч лайкаў.