На чацвёрты дзень Алімпіяды захоўваецца перавага нееўрапейскіх краін

Скончыўся чарговы дзень Алімпійскіх гульняў у Парыжы, які пацвердзіў ранейшую агульную тэндэнцыю: у цэлым больш медалёў пакуль бяруць спартсмены не з еўрапейскага кантынента. Лідары ў агульным заліку ўсё тыя ж.

31.07.2024 / 01:04

Золата японскага дзюдаіста Таканоры Нагасе дазволіла ягонай краіне захаваць прамежкавае лідарства ў неафіцыйным камандным заліку. Фота: AP Photo/Eugene Hoshiko

На першым месцы ў неафіцыйным заліку па медалях па-ранейшаму зборная Японіі. Праўда, за дзень яны дадалі толькі адно золата ў барацьбе дзюдо і цяпер маюць 13 медалёў, з якіх 7 залатыя, 4 срэбраныя і 2 бронзавыя. 

Кітайцы таксама дадалі ў сваю скарбонку толькі два медалі, але паколькі сярод іх быў залаты, то цяпер з 14 медалямі (6+6+2) яны займаюць другое месца, апераджаючы аўстралійцаў з 11 медалямі (6+4+1) і французаў з 18 (5+9+14).

На пятым месцы паўднёвыя карэйцы з 11 медалямі (5+3+3), а замыкаюць шасцёрку па-ранейшаму амерыканцы: у іх зноў скрышальная перавага па агульнай колькасці медалёў (26), але пакуль падводзіць іх якасць: толькі 4 залатыя і па 11 срэбраных ды бронзавых.

З еўрапейскіх краін даволі някепска выступаюць Вялікабрытанія з 12 медалямі (4+5+3) і Італія — 11-цю (3+4+4).

Пакуль што ўсяго толькі 2 медалі ў зборнай Германіі, праўда, абодва яны залатыя. І таксама 2 (серабро і бронза) у маленькага Косава. 

Што тычыцца нашых найбліжэйшых суседзяў, то за дзень яшчэ адну ўзнагароду да ўжо наяўнага срэбра дадалі ў сваю скарбонку палякі — бронзавы медаль заваявала жаночая каманда па фехтаванні на шпагах. Украінцы пакуль што застаюцца з адзінай бронзай, а краіны Балтыі ніводнага медаля не маюць.

Што тычыцца постсавецкіх краін, то тут першы па-ранейшаму Казахстан, нягледзячы што дзень для яго быў пусты: 3 медалі (1+0+2) і 12-е агульнае месца. Па аднаму золату маюць Азербайджан і Узбекістан, дзве бронзы ёсць у Малдовы, а ў аўторак таксама серабро і бронзу здабылі Грузія і Таджыкістан. Як і раней, гэтым краінам медалі прыносіць фактычна толькі адзін від спорту — барацьба дзюдо.

Што тычыцца беларусаў, якія разам з расіянамі выступаюць як нейтральныя спартсмены, а значыць іх узнагароды ў агульны залік па-любому не ідуць — то медалёў у іх і так пакуль няма. Аднак жа для акадэмічных весляроў Яўгена Залатога і Таццяны Клімовіч дзень быў паспяховы — яны выйшлі ў паўфінал спаборніцтваў, прытым Залаты — з першага месца ў сваім заездзе. Плюс у гэтага спартсмена акурат у гэты дзень у Мінску нарадзіўся сын-першынец. 

Беларускі вясляр у дзень выхаду ў алімпійскі паўфінал стаў бацькам

«Нас было трое!» Егіпецкая фехтавальніца выступіла на Алімпіядзе на сёмым месяцы цяжарнасці

Яўген Залаты выйграў чвэрцьфінал алімпійскага турніру па акадэмічным веславанні

Пасля трох дзён спаборніцтваў на Алімпійскіх гульнях лідзіруюць японцы

Аліна Змушка заняла ў алімпійскім фінале восьмае месца

Nashaniva.com