Лукашэнка хацеў размовы з Шольцам?
А давялося пагаварыць з гадкай прапагандысткай, піша Сяргей Гезгала.
30.07.2024 / 18:43
Рыка Крыгер у судзе
У Расіі, здаецца, рыхтуюць вялікі абмен зняволенымі з Захадам. Масква хоча займець назад сваю агентуру наўзамен за палітвязняў і арыштаваных заходнікаў. Менавіта з гэтым звязваюць вываз з калоній у невядомым кірунку шэрагу вядомых палітвязняў, сярод якіх Ілья Яшын і Лілія Чанышава, а таксама антываенных актывістаў і арыштаваных праваабаронцаў, сярод якіх Алег Арлоў, Саша Скачыленка і Даніла Крынары.
Магчыма, пад абмен могуць падпасці і журналіст «Уол-стрыт джорнал» Эван Гершковіч, а таксама асуджаны за «дзяржздраду» 16-гадовы Кевін Люк.
Не выключана, што часткай гэтага вялікага абмену стане і недарэка немец Рыка Крыгер, якога, падобна, завабілі ў Беларусь і развялі беларускія спецслужбы.
Можна меркаваць, што Лукашэнка дабіваўся званка ад канцлера Германіі Олафа Шольца — яму важна дэманстраваць, што з ім гавораць, што яго лічаць не маскоўскай абслугай, а кіраўніком дзяржавы. Але Шольц так і не патэлефанаваў. Між тым расійскі абмен набліжаецца.
Таму з немца спрабуюць выціснуць па максімуме — хоць прапагандысцкага эфекту. Адбылося шоу з удзелам персанажаў, ад якіх нічога не залежыць: прапагандысткі Гладкай, якая абслугоўвае палітычныя рэпрэсіі, і нават адваката Уладзіміра Горбача — ад якога ў сённяшняй лукашэнкаўскай сістэме залежыць нават трохі менш, чым ад судовых засядацеляў і прыбіральшчыц.
Арганізатары гэтага цырку — магу памыляцца, але адчуваецца тут ручка Наталлі Пяткевіч, — нават не задумаліся, якая гэта прафанацыя, калі долю (насамрэч, прадвызначаную) чалавека — які б ні быў той чалавек! — «абмяркоўваюць» разам кіраўнік КДБ, следчы, адвакат і «журналістка». Рука не павяртаецца пісаць тут гэтае слова без двукоссяў.
А народ у Беларусі сёння іранізуе, што Лукашэнка хацеў размовы з Шольцам, а замест гэтага давялося пагаварыць з гадкай прапагандысткай.
Падрабязнасці тэракту Крыгера пад Азярышчам — разбураныя шпалы і ніводнага параненага
У Лукашэнкі абмеркавалі справу Рыка Крыгера, асуджанага на смерць
У Расіі з калоній зніклі некалькі статусных палітвязняў. Рыхтуецца вялікі абмен?