Ці будзе еўрапейскі Цэнтрабанк адпускаць інфляцыю? Нямеччыне гэта было б выгадна
Эканомікі Германіі і Францыі перажываюць бязрадасныя часы. У той жа час паказчыкі Іспаніі, Партугаліі і Грэцыі растуць. Гэта дыктуе розныя падыходы да фінансавай палітыкі. Які з іх пераможа?
30.07.2024 / 14:41
Фота: Jon Hicks / Getty Images
Эканомікі дзвюх магутных краін Еўропы, якія традыцыйна былі яе лідарамі, Германіі і Францыі, перажываюць істотныя цяжкасці.
Як піша эканамічны аглядальнік Bloomberg Маркуш Эшворт (Marcus Ashworth),
Германія апошнія два гады знаходзіцца ў стагнацыі, прамысловыя замовы працягваюць зніжацца, і прыкмет аднаўлення пакуль не відаць. Прычыны гэтаму аўтар бачыць у спыненні паставак танных расійскіх энергарэсурсаў і спадзе экспартнага рынку ў Кітаі.
Акрамя гэтага, нямецкі аўтапрам сутыкнуўся з дадатковай праблемай — ростам канкурэнцыі Кітая ў пастаўках на рынак электрамабіляў. У выніку ў маі гэтага года прамысловая вытворчасць паказала найгоршы вынік за апошнія чатыры гады.
У той жа час эканомікі паўднёвых краін Еўропы — Іспаніі, Партугаліі і Грэцыі — дэманструюць шматабяцальныя прыкметы росту. Іспанія, чацвёртая па памеры эканоміка еўразоны, у гэтым годзе паказала самы істотны рост. Пры гэтым там растуць і спажывецкія цэны, што стварае пагрозу для новага вітку інфляцыі.
Такі падзел стварае дылему для Еўрапейскага цэнтральнага банка, палітыка якога накіраваная на зніжэнне інфляцыі ў еўразоне да 2% за год (у чэрвені яна была на ўзроўні 2,5% — беларусы пра такую лічбу могуць толькі марыць, такога ні разу не было за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі, але Еўропа лічыць такі паказчык нездаровым). У мінулым месяцы ЕЦБ знізіў працэнтную стаўку на 25 пунктаў да 3,75%.
Далейшае яе зніжэнне можа выклікаць рост інфляцыі, асабліва ў сферы паслуг. Але зніжэнне стаўкі неабходна для стымулявання эканамічнай актыўнасці Германіі. Што выберуць палітыкі, пакажа час.
У Германіі адбыўся выбух на буйным хімзаводзе
Работнікі завода Tesla ў Германіі скралі з кухні 65000 кававых кубкаў
Беларусь ці Польшча: хто важнейшы гандлёвы партнёр для Кітая?