Польшча не плануе абмяжоўваць уезд асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй — Сікорскі
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Гэта адбылося з ініцыятывы кіраўніка польскага знешнепалітычнага ведамства, паведамляецца ў тэлеграм-канале АПК.
26.07.2024 / 19:14
Радаслаў Сікорскі. Фота: AP Photo/Jacquelyn Martin
Падчас гэтай размовы міністр Сікорскі падкрэсліў, што Польшча:
-
аддзяляе беларускі народ ад рэжыму дыктатара і робіць захады, каб змякчыць умовы для легалізацыі беларусаў;
-
будзе прытрымлівацца пазіцыі не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы;
-
не плануе ўводзіць забарону на выкарыстанне асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй і здзяйсняць іх канфіскацыю, як гэта робіцца ў дачыненні да аўтамабіляў з расійскай рэгістрацыяй.
Адначасова Радаслаў Сікорскі заявіў, што
Польшча прытрымліваецца сваіх патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі — спыніць міграцыйную вайну, выдаць злачынцу, які ўчыніў забойства польскага салдата — а таксама дабіваецца вызвалення палітзняволеных у Беларусі, у тым ліку актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута.
Пры гэтым Сікорскі дадаткова падкрэсліў, што беларусы з'яўляюцца еўрапейскім народам і будучыня беларускага народа — у агульным еўрапейскім доме.
Сікорскі: Беларусь ведае, што трэба зрабіць, каб адносіны палепшалі