Падае курс даляра — чаму так?
На працягу апошніх некалькіх дзён беларускі рубель умацоўваецца адносна даляра і еўра. Спыталі ў эканаміста пра прычыны.
25.07.2024 / 17:13
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Так, 17 ліпеня, 1 даляр па курсе Нацбанка каштаваў 3,1977 рубля, курс на заўтра (26 ліпеня) — 3,1102. Умацаванне рубля адносна даляра склала 2,81%.
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна называе некалькі прычын, чаму беларускі рубель умацоўваецца.
Сярод асноўных фактараў — стабільнасць рубля расійскага і нядаўнія змены ў беларускім заканадаўстве.
«Расійскі рубель адчувае сябе стабільна, хоць яго курс і вызначаецца цяпер менш празрыста ў параўнанні з тым, як гэта было да спынення таргоў далярам на Маскоўскай біржы праз санкцыі.
Расійская валюта, нягледзячы на санкцыі, стабілізавалася. У Расіі за паўгода сфармавалася вялікае станоўчае сальда, якое складае блізу 50 мільярдаў даляраў», — адзначае эксперт.
З яе слоў, менавіта з гэтай прычыны цяпер няма перадумоў да таго, каб слабеў рубель расійскі.
На курсе беларускага рубля адбіваюцца таксама некаторыя ўнутраныя фактары.
«Адным з такіх фактараў можа быць тое, што Нацыянальны банк павысіў нормы рэзервавання па замежных валютах з 18 да 20%. Захоўваць грошы ў валюце ў банках стала яшчэ менш выгадна, паколькі банкі ў такіх сітуацыях зніжаюць стаўкі па ўкладах.
У выніку прадпрыемствы і фізічныя асобы аддадуць перавагу захоўваць грошы ў нацыянальнай валюце».
Гэта магло паўплываць на рост прапановы валюты на рынку, што прывяло да яе патаннення.
Яшчэ адзін магчымы фактар — паляпшэнне сітуацыі ў гандлёвым балансе.
«Але гэта толькі здагадка, паколькі пакуль мы не бачым свежай статыстыкі па знешнім гандлі», — адзначае эксперт.
Золатавалютныя рэзервы Польшчы перавысілі рэкордныя $200 мільярдаў
Грузаперавозчыкі і камерсанты б'юць трывогу — даводзіцца перасаджвацца з «Мерседэсаў» на ГАЗэлі
Памежныя чаты: «Літва ўвяла абмежаванні на вываз еўра ў Беларусь». Тлумачым сітуацыю