У Расіі скралі і здалі на металалом цэлы чыгуначны мост
Разабраны мост вагой 60 тон знайшлі ў адным з пунктаў прыёму металаў.
25.07.2024 / 16:05
Фота: тэлеграм-канал «Усы Куракиной»
У Скопіне Разанскай вобласці скралі цэлы чыгуначны мост.
Прапажу моста над ракой Верда выявіла мясцовая актывістка Святлана Канавалава. Калі менавіта скралі мост, невядома. Паводле яе слоў, яшчэ летась яна была ў гэтых месцах, і тады канструкцыя знаходзілася на месцы, прычым выкарыстоўвалася па прызначэнні.
Цяпер жа ад моста засталося толькі некалькі апор. Чыгуначнага палатна таксама няма, піша абласная разанская газета.
Актывісты напісалі заяву ў паліцыю. Сілавікі знайшлі частку канструкцый моста ў пункце прыёму металалому ў Разані. Аднак у паліцыі не ведаюць, што з усім гэтым рабіць — вага рэчавых доказаў складае 60 тон.
Актывістка запісала відэазварот да кіраўніка расійскага Следчага камітэта Аляксандра Бастрыкіна з просьбай знайсці мост і вярнуць яго на месца, а таксама пакараць вінаватых.
Расійская кампанія зрабіла рэкламу «Душа Русі», скраўшы фота ў беларускай фатографкі
Самы малады кантрактнік Расіі загінуў ва Украіне ў першым жа баі