«Расія лжэ наконт эканамічнага росту. Санкцыі працуюць, іх трэба ўзмацніць» — міністры фінансаў ЕС

Заходнія санкцыі, якія расійская прапаганда спрабуе прадставіць як стымул для росту эканомікі Расіі, на самай справе сталі пачаткам яе рэсаветызацыі, мяркуюць міністры фінансаў васьмі краін Еўрасаюза. У калонцы для The Guardian яны патлумачылі, што эфектыўнасць эканамічнага ціску на Расію відавочная, і заклікалі ўзмацняць яго, піша «Агентство».

24.07.2024 / 16:14

Фота: Contributor/Getty Images

Пад калонкай, апублікаванай выданнем The Guardian, стаяць прозвішчы міністраў фінансаў Швецыі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў і Польшчы.

Міністры заявілі пра неабходнасць супрацьстаяць наратывам расійскай прапаганды пра тое, што расійская эканоміка ў добрым стане, а замежныя санкцыі «паслужылі стымулам для яе росту».

Насамрэч, тое, што можна было б памылкова прыняць за «стымул» для росту расійскай эканомікі, з'яўляецца пачаткам яе рэсаветызацыі, пішуць міністры. Прыкметамі гэтага працэсу еўрапейскія чыноўнікі назвалі ўзмацненне кантролю над рынкам з боку дзяржавы, вялікія дзяржвыдаткі, якія фінансуюцца за кошт канфіскацыі прыватных актываў, і пераарыентацыю эканомікі на вайсковую прамысловасць з «поўнай пагардай» да сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту насельніцтва.

Гэта не можа быць паспяховай доўгатэрміновай стратэгіяй, пішуць міністры фінансаў краін ЕС.

Кароткатэрміновы перагрэў эканомікі, выкліканы буйнымі інвестыцыямі ў вайсковую прамысловасць і вельмі абмежаваным доступам да тэхналогій, хутчэй за ўсё, будзе перашкаджаць росту прадукцыйнасці і прывядзе да стагнацыі прыватнага сектара, паскарэнню інфляцыі і павелічэнню ціску на расійскія домагаспадаркі, гаворыцца ў публікацыі.

Прыкметамі нестабільнай эканомікі аўтары публікацыі называюць поўную загрузку вайсковых прадпрыемстваў, рэкордна нізкае беспрацоўе, ухваленне Пуціным ідэі замяняць пазбаўленне волі папраўчымі работамі, рост інфляцыі і цэнаў на імпартныя тавары, а таксама двухразовае скарачэнне ліквідных актываў Фонду нацыянальнага дабрабыту, пра што пісаў Bloomberg.

Для развязання праблем у эканоміцы Крамлю давядзецца павялічваць выдаткі, што будзе, у сваю чаргу, падганяць інфляцыю і яшчэ больш вычэрпваць расіейскія грашовыя рэзервы, пішуць міністры фінансаў.

«Калі [Уладзімір] Пуцін застанецца на гэтым шляху, доўгатэрміновая шкода расійскай эканоміцы можа быць значнай і, хутчэй за ўсё, яшчэ больш падарве давер [да палітыкі ўладаў]», — гаворыцца ў публікацыі.

Санкцыі, накіраваныя супраць расійскай эканомікі, змянілі геаграфію замежнага гандлю Расіі, забяспечылі скарачэнне даходаў ад экспарту ў 2022 і 2023 гадах прыкладна на траціну і абмежавалі доступ Крамля да прадукцыі, неабходнай на полі бою, пішуць еўрапейскія чыноўнікі.

Аўтары публікацыі лічаць, што трэба працягваць і рабіць больш жорсткімі санкцыі «ў стратэгічна важных сектарах, такіх як энергетыка, фінансы і тэхналогіі». Акрамя таго, варта палепшыць выкананне ўжо ўведзеных санкцый, у прыватнасці цэнавай столі на расійскую нафту, мяркуюць міністры.

Таксама яны заявілі пра неабходнасць увесці люстраныя санкцыі супраць Беларусі і аказаць большы ціск на краіны Усходняй Азіі і Блізкага Усходу, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі.

Славакія і Венгрыя спыняюць пампаваць нафту праз трубаправод «Дружба». Гэта важна і для Беларусі

Расійскі ваенпрам сур'ёзна завінаваціўся Беларусі. Не дапамагаюць нават суды

«Не звяртаць увагі на меркаванні маралі на карысць крэатыўнасці». Узламана перапіска супрацоўнікаў расійскай разведкі

Беларусь ужо асвоіла расійскі крэдыт на імпартазамяшчэнне і просіць новы

Nashaniva.com