«Востраў чысціні» канчаткова ліквідуецца

Пра ліквідацыю некалі буйной сеткі крам бытавой хіміі распавёў міністр гандлю Аляксей Багданаў.

24.07.2024 / 13:51

Гандлёвая сетка «Востраў чысціні» канчаткова ліквідуецца з-за фінансавых праблем. Пра гэта распавёў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, піша БелТА.

Чыноўнік распавёў, што МАРГ спрабаваў дапамагчы «Востраву чысціні» вырашыць фінансавыя праблемы, аднак іх сабралася занадта шмат.

«Гэта даўняя гісторыя, яны досыць даўно ішлі да гэтага няўдалага завяршэння. Калі мы даведаліся пра гэта, узялі працэс пад свой кантроль, спрабавалі ўсімі сіламі неяк дапамагчы ў рамках нашай кампетэнцыі, але ў іх сфармаваўся за апошнія пяць гадоў сапраўдны ком праблем.

Гэта не імгненныя цяжкасці, праблемы спелі доўга. Гэта і няўдалыя фінансавыя ўкладанні, і стратэгія развіцця бізнэсу — ён рос у іх вельмі хутка, і не кожная кампанія пры такім вялікім росце здольная справіцца. Таму, вядома, вельмі важна мець кваліфікаваны персанал, які можа кіраваць маштабаваннем гандлёвай сеткі, не ствараючы фінансавых праблем і іншых пытанняў», — адзначыў Багданаў.

Са слоў чыноўніка, міністэрства збірала банкі, удзельнікаў рынку, вытворцаў і пастаўшчыкоў і спрабавала развязаць праблему, але гэта не дапамагло.

Міністр лічыць, што спажыўцы не адчуюць знікнення некалі адной з найбуйнейшых сетак.

«Гандлёвая сетка будзе ліквідаваная, напэўна, гэта ўжо практычна адбылося. Але для спажыўцоў праблем не будзе, на месцах працуюць іх канкурэнты, якія актыўна закрываюць гэты сегмент рынку», — распавёў Багданаў.

Яшчэ ў красавіку ўладальнік сеткі Віктар Рамук быў настроены аптымістычна — ён распавядаў, што знайшоў расійскага інвестара і збіраецца адкрыць крамы, у тым ліку па франшызе.

У верасні 2022 года з'явілася інфармацыя аб затрыманні гендырэктара «Вострава чысціні» Віктара Рамука. Праз год ягоны бізнэс быў на мяжы банкруцтва: крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджалі, што велізарны выкуп за выхад уласніка з СІЗА і праблемная бізнэс-мадэль пагражаюць кампаніі закрыццём.

Банкі падалі пазовы на ўладальнікаў «Вострава чысціні»

У «Вострава чысціні» засталося толькі 109 крам. А некалі іх было 600

«Востраў чысціні» ліквідуе свае юрыдычныя асобы

Nashaniva.com