У Трампа быў эфектыўны козыр супраць Байдэна. Цяпер ён можа вярнуцца бумерангам 

Вось пра што ідзе размова.

24.07.2024 / 09:00

Дональд Трамп. Фота: Bill Pugliano / Getty Images

Амаль ўся цяперашняя перадвыбарная кампанія Дональда Трампа будавалася на наратыве, што Джо Байдэн «ментальна некампетэнтны і занадта стары для пасады прэзідэнта ЗША, і тым самым ён ганьбіць Амерыку на ўвесь свет».

У аснову наратыву леглі рэгулярныя лагічныя недакладнасці і непамятлівасць Байдэна падчас публічных выступаў, а таксама яго няўдалыя дэбаты з Трампам у канцы чэрвеня, пасля якіх большасць дэмакратаў захацела, каб Байдэн сышоў з прэзідэнцкай гонкі. Што на днях і адбылося.

Сапраўды, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не раз трапляў у камічныя і недарэчныя сітуацыі з-за сваёй непамятлівасці. Так, напрыклад, Байдэн блытаў Зяленскага з Пуціным, а свайго віцэ-прэзідэнта Камалу Харыс называў Трампам.

Яшчэ Байдэн раз-пораз губляў раўнавагу і арыентацыю ў прасторы, падчас самітаў і сустрэч хадзіў у памылковых кірунках і вітаўся з людзьмі, прамахваючыся з поціскам рукі.

Гэтыя паводзіны Байдэна выклікалі ў часткі яго асяроддзя і асабліва ў супернікаў жаданне праверыць прэзідэнта ЗША на ментальныя здольнасці пры дапамозе спецыяльных незалежных тэстаў.

Далей за ўсіх у гэтым намеры пайшоў Трамп, які нядаўна прапанаваў Байдэну прайсці ментальны тэст разам, паверыўшы ў сваю перавагу над Байдэнам пасля дэбатаў. Аднак цяпер гэты выклік можа павярнуцца катастрофай для самога Трампа.

Трамп і Байдэн падчас дэбатаў у канцы чэрвеня. Фота: AP

Справа ў тым, што Трамп па сваім ўзросце амаль не саступае Байдэну — палітыкам 78 і 81 год адпаведна. Пасля сыходу Байдэна з прэзідэнцкай гонкі, Трамп стаў самым пажылым кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ў гісторыі.

І да яго разумовых здольнасцяў у людзей узнікае пытанняў не менш, чым да Байдэна.

Трамп таксама не раз рабіў лагічныя памылкі на публіцы, з-за чаго трапляў у кур'ёзныя сітуацыі. Увагі гэтаму надавалася менш, чым памылкам Байдэна, бо ў апошняга больш важная пасада і больш высокі афіцыйны статус.

Тым не менш, вось некалькі прыкладаў недакладнасцяў і недарэчнасцяў, у якіх быў заўважаны Трамп.

  1. Назваў венгерскага прэм'ера Віктара Орбана «лідарам Турцыі», а саму Турцыю называў геаграфічным суседам Расіі.
  2. Рэгулярна блытаў Джо Байдэна з былым прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай. Толькі за апошнія паўгода гэта адбылося тройчы, калі Трамп выступаў на мітынгах.
  3. У мінулым годзе сказаў, што паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын «узначальвае Кітай і кіруе 1,4 мільярда людзей».
  4. Пад час узгадвання гісторыі амерыканскай Вайны за незалежнасць (1770-ыя гады) Трамп заявіў публіцы, што брытанская армія выкарыстоўвала супраць амерыканскіх каланістаў авіяцыю, а самі каланісты потым «захапілі брытанскія аэрапорты». Першыя ж самалёты з'явіліся праз стагоддзе.

Акрамя таго, Трамп не раз забываў, дзе ён знаходзіцца, а таксама часам не прызнаваў чальцоў сваёй сям'і. Некаторыя людзі з атачэння палітыка называлі такія паводзіны як прыкметай ментальных адхіленняў, так і недастатковымі ведамі пра свет.

Усё вышэйсказанае можа згуляць з Трампам у злы жарт, бо яго больш верагодная суперніца ад дэмакратаў Камала Харыс (якой 59 гадоў і якая цяпер апярэджвае Трампа па свежых апытаннях) можа скарыстацца выклікам Трампа прайсці ментальныя тэсты і выкарыстаць іх вынікі, выставіўшы Трампа на вачах у ЗША такім жа «слабым дзедам», якім той дагэтуль выстаўляе Байдэна.

У дадатак да гэтага Харыс можа прыняць яшчэ адзін выклік на дэбаты ад Трампа, які першапачаткова быў адрасаваны Байдэну пасля яго няўдалага выступу. Трамп, канечне, можа адмовіцца змагацца на публіцы з маладзейшай і бадзёрай Харыс, аднак гэта можа быць расцэнена яго электаратам як спалох, што дрэнна паўплывае на рэйтынгі мільярдэра.

Між тым у Байдэна нават галава не трэслася

Як апытанні ацэньваюць шансы Камалы Харыс перамагчы Дональда Трампа на выбарах у ЗША

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Марк Рыхтэр