Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі
У ЕС дзейнічае забарона на ўвоз лодак, таму лодкі беларусаў вярнулі: і цяпер прапрацоўваецца пытанне, каб арандаваць інвентар.
23.07.2024 / 07:51
Ілюстрацыйнае фота: noc.by
Першыя беларускія спартсмены ўжо дабраліся да алімпійскай вёскі — весляры-акадэмісты Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч ужо ў суботу пачнуць кваліфікацыйныя заезды. Аднак лодкі весляроў не даехалі ў Парыж. Сітуацыю для канала «Беларусь-5» пракаментавала старшы трэнер зборнай па акадэічным веславанні Юлія Бічык.
— На Алімпіяду паехалі два спартсмены — Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч. Рэч у тым, што гэта Еўропа, клімат крыху падобны, але ў Беларусі зусім нядаўна была анамальная тэмпература, весляры будуць гатовыя да спякоты ў Парыжы. Яны з'ехалі загадзя, бо трэба прывыкнуць да вады на канале, адчуць яе. Цырымонія адкрыцця 26 ліпеня, а першыя старты ўжо пачынаюцца 27 ліпеня.
Мы паспрабавалі правезці лодкі ў Парыж, але ў ЕС стаіць забарона на ўвоз лодак, таму нас развярнулі і цяпер прапрацоўваецца пытанне, каб арандаваць інвентар. Натуральна, гэта з'яўляецца праблемай, калі ты рыхтуешся на сваёй лодцы, а прыйдзецца сесці на новую лодку. Гэта не горшыя ўмовы, бо лодкі будуць новыя, але ўсім спартсменам прыйдзецца максімальна хутка адаптавацца пад новы інвентар.
У іх будзе паўнавартасны трэніровачны тыдзень, дзе яны адаптуюцца да тэмпературнага рэжыму і да інвентару, таму будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе выдатна, сказала трэнерка.
«Летась наша каманда выязджала туды. На гэтым канале прадугледжана добрая інфраструктура і для спартсменаў там будуць усе ўмовы. Але гэта прыродны вадаём, а не штучна выкапаны канал. Атрымліваецца, што першыя 1000 метраў больш спакойная вада, а другая тысяча, так бы мовіць, фінішная прастора — адкрытая вада, дзе магчымыя хвалі, вецер, умовы надвор'я, якія будуць уплываць на вынік», — дадала Юлія Бічык.
Беларускія весляры пастаянна прывозілі медалі з Алімпіядаў, тая ж Кацярына Карстэн з пяці Алімпіяд (з 1992 па 2008 год) прывезла пяць узнагарод (дзве залатыя, дзве бронзавыя і адна сярэбраная).
На апошняй Алімпіядзе ў Токіа Маргарыта Махнева, Надзея Папок, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук (веславанне на байдарцы, чацвёрцы, 500 м) заваявала срэбра.
Тым часам аўтарытэтнае амерыканскае выданне спрагназавала, колькі беларусы заваююць узнагарод у Парыжы.
На Алімпіяду ад Беларусі едзе мінімальная ў гісторыі колькасць удзельнікаў — 17 чалавек