Больш за сотню вёсак Гомельшчыны ўсё яшчэ чакаюць аднаўлення электразабеспячэння

Праз тыдзень пасля ўрагану ўладам так і не ўдалося цалкам ліквідаваць яго наступствы. 

21.07.2024 / 16:52

Ліквідацыя наступстваў урагана. Фота: тэлеграм-канал «Минэнерго Официальный»

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Больш за ўсё ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Паводле інфармацыі МНС, у гэтыя дні праз стыхію загінула шэсць чалавек.

Як сёння паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на пасяджэнні аператыўнага штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай вобласці, напружаная сітуацыя з падачай энергазабеспячэння ў асобныя домаўладанні захоўваецца ў Жлобінскім і Рэчыцкім раёнах.

Спецыялісты паспрабуюць вырашыць гэтае пытанне за сённяшні дзень.

Ліквідацыя наступстваў урагана. Фота: тэлеграм-канал «Минэнерго Официальный»

У прэс-службе Міністэрства энергетыкі паведамілі, што цяпер над ліквідацыяй наступстваў ураганнага ветру толькі ў Жлобінскім раёне працуюць 32 аварыйныя брыгады. Гэта раён лічыцца найбольш пацярпелым. 44 населеныя пункты раёна (са 155) сёння забяспечваецца электрычнасцю толькі дызель-генератарнымі ўстаноўкамі.

Усяго ў ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай вобласці задзейнічана больш за 140 брыгад і 210 адзінак тэхнікі.

Ліквідацыя наступстваў урагана. Фота: тэлеграм-канал «Минэнерго Официальный»

Агулам аднаўленчыя работы працягваюцца ў 122 населеных пунктах Гомельскай вобласці, у 508 тэхналагічныя парушэнні ўжо ліквідаваныя.

«Гэтая праца вядзецца па заяўках спажыўцоў», — удакладняе ведамства. Задаволена больш за 2 тыс. такіх заявак.

Круты: Бог паслаў ураган, каб прэзідэнт парадаваўся, што створаная ім сістэма выстаяла

«Сядзелі без інтэрнэту і разгадвалі сканворды». Жыхары Гомельшчыны расказалі, як перажылі наступствы стыхіі

Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна

Nashaniva.com