Рэдактар глыбоцкай раёнкі напісаў пра смецце ў горадзе, а пасля зразумеў, што падыгрывае «ворагам»

«Віцебская вясна» апісала кур'ёзную і павучальную сітуацыю, як раённы прапагандыст спачатку сам паказаў праўдзівую, але не вельмі прыглядную карціну мясцовага жыцця, а пасля спалохаўся, што запушчаная ім вада палілася не на той млын.

20.07.2024 / 23:17

Фота Андрэя Панкрата

16 ліпеня ў газеце «Веснік Глыбоччыны» выйшаў артыкул «Так не павінна быць! Як, напрыклад, на набярэжнай возера Кагальнае ў Глыбокім». Аўтар Андрэй Панкрат апісаў і сфатаграфаваў

«жудаснае відовішча: вакол дзвюх усталяваных непадалёк адна ад адной лавачак былі раскіданыя пустыя і бітыя бутэлькі з-пад спіртнога, пачкі ад цыгарэт, чыпсаў».

Фота Андрэя Панкрата

Фота Андрэя Панкрата

Заўважыў рэдактар і яшчэ некалькі падобных фактаў.

Фота Андрэя Панкрата

Фота Андрэя Панкрата

Фотарэпартаж заўважыў у раёнцы і перадрукаваў тэлеграм-канал «LIVE Витебск, я гуляю!», суправадзіўшы яго ўласным тэкстам:

«Нечакана багаты фотарэпартаж пра захламленае Глыбокае выдаў галоўны рэдактар мясцовай раёнкі. Ён паказаў, што кучы смецця можна сустрэць у многіх парках і месцах адпачынку райцэнтра».

Фота Андрэя Панкрата

Фота Андрэя Панкрата

Андрэй Панкрат, замест таго, каб парадавацца, што ягоны голас у абарону гарадской экалогіі набыў больш шырокі рэзананс, перапалохаўся, бо гэты тэлеграм-канал займае крытычнае стаўленне ў дачыненні да рэжыму.

Таму праз дзень з-пад пяра рэдактара выйшаў новы артыкул, пад назвай «Переврали, извратили, опошлили, или пример того, как оппы используют манипуляции для подрыва доверия к власти».

Ні пра ўлады, ні пра падрыў даверу ў тэксце на віцебскім тэлеграм-канале не было ні слова. Аднак Андрэй Панкрат лічыць, што ягоныя здымкі садзейнічаюць змаганню за чысціню ў райцэнтры толькі тады, калі надрукаваныя на сайце раённай газеты. Тыя ж, хто іх перадрукаваў,

«не імкнуцца да стварэння спрыяльнай і стабільнай грамадска-палітычнай сітуацыі, а працягваюць правакаваць у нашым грамадстве канфлікты і звады». І ўвогуле «закладаныя імі сэнсы не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю ў Беларусі, таму не варта давяраць усяму, што яны кажуць».

Але як жа не давяраць, калі фотарэпартаж быў апублікаваны ў дзяржаўным выданні, за подпісам самога рэдактара?

Прарасійская актывістка абурылася, што не можа апублікаваць фота з бел-чырвона-белым сцягам

Беларуская прапаганда стварыла таблоід «Пятніца». Які выходзіць у сераду

Рэдактарку газеты Мазырскага НПЗ, якую затрымлівалі за «экстрэмізм», звольнілі і замянілі на прапагандыста з Рагачова

Блогерка-ябацька лямантуе, што ёй пагражаюць чыноўнікі

У Зэльве зладзілі прапагандысцкі конкурс да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Найбольшым крэатывам здзівілі слонімцы ФОТАФАКТ

Nashaniva.com