Стала вядома, куды ўладкаваўся былы гендырэктар МТС Уладзіслаў Андрэйчанка
З аднаго боку нечаканы віраж лёсу, з іншага — зусім не.
18.07.2024 / 08:02
Фота: Мінздароўя
Дырэктарам фармацэўтычнага прадпрыемства «Мінскінтэркапс» прызначаны Уладзіслаў Андрэйчанка, які быў да гэтага гендырэктарам МТС у Беларусі. Прызначэнне адбылося ў канцы чэрвеня, але прайшло амаль незаўважным.
Прадставіць калектыву прадпрыемства новага дырэктара прыехаў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў і генеральны дырэктар Белфармпрама Ігар Мітрафанаў, паведамляецца на сайце прадпрыемства.
Уладзіслаў Андрэйчанка скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут, абараніў кандыдацкую дысертацыю, з'яўляецца кандыдатам медыцынскіх навук.
«Мінскінтэркапс» спецыялізуецца на вытворчасці лекаў у цвёрдых і мяккіх жэлацінавых капсулах. Асартымент кампаніі штогод папаўняецца новымі прэпаратамі, каля 95% з якіх вырабляюцца па праграме імпартазамяшчэння і з'яўляюцца джэнерыкамі арыгінальных брэндаў.
У красавіку 2024 года Уладзіслаў Андрэйчанка пакінуў топ-пасаду ў МТС.
«Я прыняў рашэнне аб завяршэнні працы на пазіцыі генеральнага дырэктара СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». Сёння — мой апошні працоўны дзень у МТС», — паведаміў тады Уладзіслаў Андрэйчанка, які прысвяціў кампаніі 18 гадоў. Прыйшоўшы ў яе ў 2006 годзе, ён да прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара ў кастрычніку 2021 года працаваў на кіраўнічых пасадах у віцебскім і магілёўскім філіялах.
Уладзіслаў Андрэйчанка — сын Уладзіміра Андрэйчанкі, які ажно чатыры скліканні быў спікерам Палаты прадстаўнікоў. У гэтым годзе, аднак, у дэпутаты яго не прызначылі.
Сын былога спікера Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкі таксама пакідае высокую пасаду
Якія кватэры і дамы мае сям'я Андрэйчанкі