Страты расійскай арміі ў 2024-м значна выраслі. Памірае 200-250 байцоў за дзень

Новыя звесткі пра страты расійскай арміі прыводзіць «Медыязона».

18.07.2024 / 08:00

Загінулы расійскі салдат за некалькі кіламетраў ад Андрэеўкі Данецкай вобласці Украіны, верасень 2023 года. Фота: Alex Babenko / AP Photo

Як піша «Медыязона», на 5 ліпеня 2024 года па інфармацыі з адкрытых крыніц дакладна вядомыя імёны 58200 загінулых. З іх 3700 афіцэраў, у тым ліку 430 у званні ад падпалкоўніка і вышэй. За апошнія два тыдні да агульнага спісу дадалося 1349 чалавек.

Па сацыяльным складзе на першым месцы, як і раней, знаходзяцца зняволеныя (хоць пра іх масавае выкарыстанне пасля штурму Бахмута ў сакавіку 2023 года больш невядома), затым ідуць добраахвотнікі і мабілізаваныя.

Лічба страт ўзрастае ўдвая (каля 120 тысяч), калі за аснову аналізу былі ўзятыя даныя з Рэестра спадчынных спраў. Толькі з пачатку 2024 года вядома пра гібель 39 тысяч чалавек.

Аўтары адзначаюць, што ў апошнія месяцы сярэднядзённыя страты расійскай арміі істотна ўзраслі. Калі ў 2023 годзе яны складалі каля 120 чалавек за дзень, то цяпер — 200-250.

Даныя таксама дазваляюць вызначыць рэгіёны, ураджэнцы якіх найчасцей гінулі на вайне. Калі на канец 2023 года гэта былі Свярдлоўская і Чалябінская вобласці, Башкартастан і Бурація. А цяпер на першых месцах Башкартастан, Кубань і Свярдлоўская вобласць. Праўда, зусім не збіраюцца звесткі пра забітых з акупаваных Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

Аўтары заўважаюць, што зыходзячы з тых лічбаў, якія вядомыя на сёння, відавочна, што нават калі б ваенныя дзеянні цяпер былі спынены, то, хутчэй за ўсё, 2024 год пабіў бы рэкорд крывавага 2023-га.

Калі раней пра «мясныя штурмы» гаварылі ў адносінах да Бахмута, то цяпер яны — уся лінія фронту. Цяпер там засталося нашмат менш людзей, якія маюць баявы вопыт і хоць нейкае дачыненне да прафесійнай арміі. Некралогі на прафесійных ваенных з'яўляюцца ў базе ўсё радзей і радзей.

«ПВК Вагнер» завербавала на вайну ва Украіне ў калоніях 48 тысяч зняволеных. З іх пад Бахмутам загінулі не менш за 17 тысяч

Расія выкарыстоўвае для перавозу пяхоты гольф-кары і беларускія матацыклы. Ад гэтага страты растуць

Абвал непазбежны? Расійская армія нясе гіганцкія страты: 1175 вядомых імён забітых толькі за два тыдні

Nashaniva.com