У Жлобіне адмянілі ўрачыстае адкрыццё флагштока, ківаюць на надвор'е
17 ліпеня ў Жлобіне павінна было адбыцца адкрыццё флагштока і цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару. Для стварэння масавасці чыноўнікі аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама планавалі прыцягнуць работнікаў гарадскіх устаноў адукацыі, а шырокай грамадскасці пра планы правядзення ўрачыстага мерапрыемства не паведамлялася, піша «Флагшток». Але ў пэўны момант нешта пайшло не так.
17.07.2024 / 18:29
Згодна з даведзенай разнарадкай, пра якую «Флагшток» даведаўся ад сваёй крыніцы, звязанай з сістэмай адукацыі, на мерапрыемстве павінны былі прысутнічаць больш за 130 работнікаў мясцовых школ і гімназій. Удзельнікі масоўкі павінны былі мець пры сабе дзяржаўную атрыбутыку з разліку 1 сцяг на 10 супрацоўнікаў і паветраныя шарыкі ў кожнага.
Урачыстае мерапрыемства павінна было пачацца сёння ў 16:00. Аднак «у сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я» ў Жлобінскім райвыканкаме вырашылі адмовіцца ад правядзення мерапрыемства. Новая дата адкрыцця флагштока пакуль не вызначаная.
Прагноз надвор'я ў Жлобіне на 17 ліпеня. Крыніца: gismeteo
«Флагшток» звяртае ўвагу, што на 17 ліпеня сіноптыкі не абяцалі экстрэмальных умоў надвор'я. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што экстранная адмена мерапрыемства звязаная з наступствамі ўрагану, які прайшоў па Гомельшчыне ў нядзелю.
Вядома, што на ўстаноўку флагштока і ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі з бюджэту было выдзелена 184 тысяч BYN (57 тысяч USD). Кошт вырабу самой канструкцыі флагштока невядомы.
Некаторыя беларусы сустракалі ўчарашні ўраган, купаючыся ў возеры ВІДЭА
За мінулыя суткі без электрычнасці засталіся амаль 2000 населеных пунктаў краіны
Апакаліпсіс у Мазыры. Шторм накрыў Гомельшчыну
Мазырскія ўлады прызналі, што перабоі з водазабеспячэннем у горадзе застаюцца
Мазырская вертыкальшчыца далажыла пра аднаўленне водазабеспячэння. У каментарах ёй пярэчаць
Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна