Нацыі — гэта архаізм, і трэба перагарнуць старонку? Зусім не, сцвярджае польскі прафесар
Шыкоўны фрагмент лекцыі польскага гісторыка і прафесара Ягелонскага універсітэта Анджэя Новака пра нацыю, чаму гэта важна, пра імперыі і іх метады барацьбы з нацыямі. Ворагі разумеюць нюансы, на жаль, лепш, чым іх ахвяры. Прафесар паказвае, як гэта працавала на прыкладзе Польшчы. Кожны зразумее аналогіі, піша ў фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.
17.07.2024 / 17:20
Рынак Старога горада ў Варшаве
Не ўсе народы роўныя. Яўрэйскі або армянскі народы існуюць ужо некалькі тысяч гадоў. Гэта немагчыма аспрэчыць. У гэтых супольнасцяў вельмі доўгая, выразная і адназначная гісторыя. Іх гісторыю стварае нацыя.
У іншых народаў гісторыя вельмі кароткая. У іх выпадку мы кажам пра пэўную канструкцыю. Такой нацыяй з’яўляюцца бельгійцы. Нягледзячы на тое, што Бельгію ўзгадвае ўжо Цэзар у сваёй «Гальскай вайне», ніякай бельгійскай нацыі доўгі час не было. І ёсць пытанне — а ці існуе яна сёння? Бельгія ўзнікла як штучны твор у 1830 годзе, аб’яднаўшы дзве абсалютна розныя геаграфічна і гістарычна краіны. З рознымі культурамі, рэлігіямі, мовамі — Валонію і Фламандыю.
А немцы — гэта такая самая нацыя, як англічане? Нямецкую нацыю стварыў Бісмарк пасля аб’яднаня ў 1871 годзе. Раней немцы былі падзеленыя на вельмі розныя супольнасці. Таму дагэтуль існуюць вялізныя адрозненні паміж баварцамі і тымі абшарамі, якія аформіў Фрыдрых Вялікі. Я маю на ўвазе Прусію.
Нацыя — гэта паняцце адноснае, з рознай сілай уздзеяння і з рознай традыцыяй. Нацыі — гэта ўяўныя супольнасці, як казаў амерыканскі гісторык Бенедыкт Андэрсан. Але я дадам: вельмі важна, наколькі доўга, наколькі шмат людзей і наколькі інтэсіўна гэтыя супольнасці нехта ўяўляў.
У гэтым сэнсе польская традыцыя адна з самых моцных. Бо польскі народ пачалі ўяўляць прынамсі ад 1000 года, калі назва Polonia з’яўляецца ў гістарычных крыніцах. Тады гэты народ ўяўлялі толькі паплечнікі князя і караля, духавенства, якое пра гэты народ пісала.
Стагоддзямі гэтая супольнасць расла і закранала шырокую шляхту. Шляхты было шмат і яна вельмі актыўна ўяўляла сабе польскі народ. Іх было ад 6% да 10% у XVII-XVIII стагоддзях і практычна ўсе яны ідэнтыфікавалі сябе з польскай палітычнай нацыяй. Гэта вельмі шмат.
Нават калі дзяржава перастала быць незалежнай, то яе грамадзяне сустракаліся і працягвалі ўяўляць сабе саміх сябе. Яны дыскутуюць пра нацыю. Іх былі дзясяткі тысяч. Ужо тады друкаваліся розныя брашуры, у якіх ішла дыскусія — а што значыць быць нацыяй, як яе пашырыць, ці далучаць туды мяшчан і сялян? Гэта XVIII стагоддзе.
Чарговы доказ, што гэтая нацыя існавала — гэта падыход тых, хто падзяліў Рэч Паспалітую. Я цяпер шмат вывучаю крыніцы XVIII стагоддзя і быў шакаваны, наколькі шмат ужываецца тэрмін нацыя, як з’ява, з якой трэба расправіцца.
Кароль Фрыдрых ІІ, які быў пазбаўлены забабонаў наконт нацый, ён пагарджаў немцамі, размаўляў па-французску і не лічыў немцаў нацыяй, а казаў пра сілезцаў, паморцаў і г.д.
Дык вось, у сваіх лістах ён бясконца піша пра польскую нацыю, што трэба гэтую нацыю аслабіць. Як? Накідваючы ёй нямецкую мову. Ён пісаў, што трэба пазбавіць палякаў іх мовы, адабраць у іх польскую культуру. Гэта было падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай. Да другога ён не дажыў, таму пра палякаў, якіх трэба аслабіць, пісаў ужо ягоны пляменнік.
Тое ж самае, але больш бюракратычнай мовай, пісаў і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ. Ён паслядоўна ішоў да таго, каб у Галіцыі не было палякаў. Ён быў проста апантаны гэтай ідэяй, каб зрабіць з польскай шляхты лаяльных Аўстрыі падданых. Для гэтага трэба было прымусіць іх адрачыся ад ідэі польскага народа, каб яны перасталі пра яго думаць і ўяўляць яго.
Кацярына ІІ не піша пра польскую нацыю, яна паслядоўна змагаецца з ёй справамі. І робіць гэта больш хітра, чым яе саюзнікі. Яна піша пра цудоўны расейскі народ.
Кацярына першай сярод расейскіх уладароў Расеі падкрэслівае, што Расею стварае яе арыстакратыя. Але пытанне: што тады рабіць з польскай шляхтай, якая апынулася ў Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай? Бо пасля першага падзелу чытаць і пісаць умелі акурат больш на тых далучаных землях, чым у рэшце Расеі. У Рэчы Паспалітай эліты былі больш адукаваныя.
І што робіць Кацярына? Яна спрабуе знішчыць польскую культуру. Што загадвае Сувораву Кацярына пасля паразы паўстання Касцюшкі? Вывезці з Варшавы бібліятэку Залускіх, то-бок Нацыянальную бібліятэку.
Гэта была першая на еўрапейскім кантыненце грамадская бібліятэка, больш за 400 тысяч тамоў. І ў снежні 1794 года кібіткі вывозілі з Варшавы ў Пецярбург «душу народа». Культура — «душа народа». Кацярына гэта выдатна разумела.
У часы Івана ІІІ і Івана Грознага расейскія цары вывозілі з анэксаваных княстваў святыя іконы. Яны забіралі тое, што сімвалізуе духоўную прывязанасць гэтай супольнасці. Так было з Казанскай іконай, з Уладзімірскай. Усё гэта трапіла ў Маскву.
У 1831 годзе, калі паразу пацярпела Лістападаўскае паўстанне, Мікалай І робіць тое самае. Ён загадвае вывезці з Варшавы адноўленыя калекцыі бібліятэкі. Гэта 200 000 кніг. І ўсё гэта трапіла ў Пецярбург і стала «расейскай калекцыяй». Гэта барацьба з душой або, інакш кажучы, з уяўленнем народа. Акупанты намагаліся спыніць гэты працэс уяўлення сябе народам усё большай колькасці людзей. Іх задачай было зрабіць з гэтага народа лаяльную сабе масу.
Адна з ключавых прычын эфектыўнасці любой імперыі — гэта супраца захопленых народаў з акупантам. І калі папярэдняя культура народа перашкаджае ў гэтым, тады трэба яе аслабіць і знішчыць.
У польскай гісторыі захопнікі спрабавалі спыніць пашырэнне польскай культуры. Яны разумелі, што гэтая культура пашырае сувязь з культурай і гісторыяй на больш шырокія масы, якія да XVIII стагоддзя не з’яўляліся народам.
Сяляне тады не былі часткай польскага народа. Гэта змянілася тады, калі і яны ўявілі, што і яны ўжо частка нацыі. Яны здабывалі гэтую свядомасць у XIX стагоддзі, да 1918 года. Менавіта тады сяляне рушылі да барацьбы за незалежную Польшчу і яе абароны ў 1920-м. Тады яны былі ўжо палякамі. Яны знайшлі сябе ў гэтай уяўнай польскай супольнасці. Гэты феномен паказвае моц і інтэнсіўнасць польскай нацыянальнай супольнасці.
Ці патрэбная была сялянам Польшча для матэрыяльнага дабрабыту? Не. Свабоднымі сялян зрабіла ўлада захопнікаў. І ў Аўстрыі, і ў Каралеўстве Польскім і ў Прусіі. Захопнікі давалі сялянам больш, каб перамагчы ў гэтай барацьбе за іх душы. Але сяляне ня сталі расейцамі і аўстрыякамі.
Што паўплывала на тое, што сяляне далучыліся да польскасці? На гэта паўплывала неверагодна інтэнсіўная праца эліты, якая моцна пражывала гэтую супольнасць і змагалася за яе ў паўстаннях, а таксама стваральнай працай на ніве культуры.
Яны даносілі да сялян гісторыі з кніг Сянкевіча, Міцкевіча, гісторыі пра Касцюшку. У выніку яны знайшлі ключ да сялянскай душы і паказалі, што быць палякам — гэта адна з самых прыгожых справаў, якая можа іх сустрэць на гэтай зямлі.
Пра гэта нельга забываць і ў XXI стагоддзі, калі мы ўсё часцей чуем, што народы больш не патрэбныя, што народы ніяк не ўплываюць на наша матэрыяльнае становішча, і што іх сапраўдны поспех забяспечвае імперыя.
Павел Церашковіч: Цяжка ўявіць сабе нацыю з лозунгам «Рурытанія па-за ўсім»
Дыскусія аб «літвінізме». Што рабіць з беларускай перспектывы?
«Вельмі складана зразумець, што ёсць дзве праўды». Літоўскі гісторык пра «Пагоню» і спадчыну ВКЛ