Замах на Дональда Трампа планаваў Іран — CNN

Тэлеканал CNN са спасылкай на некалькі дасведчаных суразмоўцаў паведаміў, што разведданыя пра намеры Ірана зрабіць замах на Дональда Трампа былі атрыманыя ЗША ў апошнія тыдні. Аднак, са слоў крыніц выдання, ніякіх прыкмет таго, што да гэтай змовы быў датычны Томас Мэцью Крукс, які страляў у Дональда Трампа на мітынгу 13 ліпеня, няма.

16.07.2024 / 23:19

Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Matt Rourke

Паводле інфармацыі CNN, атрыманыя ўладамі ЗША разведданыя прывялі да таго, што Сакрэтная служба ўзмацніла меры бяспекі вакол Трампа. Суразмоўцы выдання кажуць, што ведамства неаднаразова перасцерагала штаб Трампа ад правядзення мітынгаў на адкрытым паветры, дзе немагчыма кантраляваць доступ.

Акрамя таго, у нейкі момант, заўважаюць крыніцы CNN, штаб перастаў праводзіць спантанныя неафіцыйныя мерапрыемствы без папярэдняй праверкі ўдзельнікаў Сакрэтнай службай. Ці былі пагрозы з боку Ірана даведзеныя да перадвыбарчага штаба Трампа — невядома, піша CNN.

У штабе заявілі, што не каментуюць інфармацыю, звязаную з бяспекай кандыдата ў прэзідэнты.

Іран катэгарычна адмаўляе існаванне якіх-небудзь планаў з мэтай забойства Трампа. Прадстаўнік Ісламскай Рэспублікі Іран пры ААН заявіў, што такія абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі.

У той жа час, як адзначае CNN, Іран неаднаразова абяцаў адпомсціць за забойства амерыканскімі вайскоўцамі камандуючага Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані ў студзені 2020 года. Трамп называў яго адказным за забойствы і раненні тысяч амерыканцаў і казаў, што Сулеймані «трэба было ліквідаваць шмат гадоў таму».

Нямецкі журналіст цынічна пажартаваў аб замаху на Трампа

Трамп упершыню з'явіўся на публіцы з перавязаным вухам пасля стрэлаў у Пенсільваніі ФОТА

Рэспубліканская партыя афіцыйна вылучыла Трампа кандыдатам у прэзідэнты ЗША

Трамп назваў свайго кандыдата ў віцэ-прэзідэнты

Пасля замаху на Трампа акцыі яго кампаніі ўзляцелі на 77%

Трамп расказаў, што цудам яго выратавала ад кулі

Nashaniva.com